У сувязі з пачаткам навучальнага года ў Беларусі з 25 жніўня па 5 верасня пройдзе спецыяльнае комплекснае мерапрыемства МУС "Увага - дзеці!". Пра гэта журналістам расказаў старшы інспектар па асаблівых даручэннях ГУ ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Півавараў, паведамляе БЕЛТА.

Ён расказаў, што прафілактычная акцыя заклікана павысіць узровень адказнасці бацькоў і кіроўцаў, прыцягнуць усеагульную ўвагу да праблемы забеспячэння бяспекі дзяцей. Для гэтага ў дні спецмерапрыемства рух транспартных сродкаў у светлы час сутак будзе ажыццяўляцца з уключаным блізкім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі.

Ён таксама дадаў, што запланаваны шэраг прафілактычных мерапрыемстваў для дзяцей і падлеткаў. Асаблівая ўвага будзе сканцэнтравана на правядзенні тлумачальнай работы з дарослымі. "Напярэдадні навучальнага года міліцыянеры наведаюць працоўныя калектывы, растлумачаць прычыны і наступствы ДТЗ з удзелам дзяцей, нагадаюць аб правілах бяспечнай перавозкі непаўналетніх і адказнасці за іх парушэнні", - адзначыў Сяргей Півавараў.

Яшчэ адной акцыяй напярэдадні новага навучальнага года стане Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам "У новы навучальны год - бяспечных усім дарог!". "Пройдзе ён 30 жніўня. У ходзе правядзення прафілактычных мерапрыемстваў асаблівая ўвага будзе ўдзелена рабоце па прыцягненні ўвагі грамадскасці да праблемы траўматызму і гібелі дзяцей на дарогах", - адзначыў старшы інспектар.

Працягнуцца мерапрыемствы тым, што на працягу першага тыдня навучальнага года супрацоўнікі органаў унутраных спраў прымуць удзел ва ўрачыстых лінейках, правядуць з вучнямі класныя гадзіны. "Для прафілактыкі парушэнняў ПДР і аказання дапамогі паблізу школ і ў месцах інтэнсіўнага руху дзяцей і пешаходаў будуць арганізаваны дзяжурствы супрацоўнікаў міліцыі", - расказаў Сяргей Півавараў.

vitebsk-region.gov.by