21 верасня, Мінск /Лілія Крапіўная - БЕЛТА/. У Беларусі з 26 верасня 2012 года пачне дзейнічаць падсістэма аўтаматычнай рэгістрацыі статыстычных дэкларацый. Аб гэтым паведаміў сёння начальнік упраўлення арганізацыі мытнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Уладзімір Арлоўскі на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расійскай Федэрацыі: сучаснасць і перспектывы развіцця ў кантэксце фарміравання ЕЭП", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Асаблівасць дадзенай сістэмы ў тым, што рэгістрацыя статыстычных і перыядычных статдэкларацый будзе ажыццяўляцца аўтаматычна, без удзелу супрацоўніка мытных органаў. Арыенціровачны час апрацоўкі электроннай дэкларацыі аўтаматызаванай сістэмай мытных органаў будзе складаць 1-2 мін. Унясенне змяненняў і ануляванне зарэгістраваных статыстычных і перыядычных статдэкларацый суб'ектамі гаспадарання будзе ажыццяўляцца таксама самастойна. Для гэтага яны не будуць звяртацца з заявай у мытны орган. У цяперашні час у Беларусі больш за 75% мытных дэкларацый афармляецца ў выглядзе электроннага дакумента. Сярэдні час, які затрачваюць службовыя асобы мытні на афармленне адной электроннай дэкларацыі, складае каля 15 мін. пры экспарце і каля 40 мін. пры імпарце тавараў. Аўтаматызацыя працэсаў рэгістрацыі мытных дакументаў дазволіць скараціць гэты час. "Першым этапам на гэтым шляху стане ўкараненне з 26 верасня падсістэмы аўтаматычнай рэгістрацыі статыстычных і перыядычных статыстычных дэкларацый", - адзначыў Уладзімір Арлоўскі. Дадзенае новаўвядзенне значна спросціць працэдуру і скароціць да мінімуму час рэгістрацыі, тым самым яно фактычна рэалізуе на практыцы заяўны прынцып рэгістрацыі мытнымі органамі статыстычных дэкларацый. Сістэма аўтаматычнай рэгістрацыі дазволіць вызваліць службовых асоб мытных органаў ад выканання дадзеных аперацый. І цяпер яны будуць задзейнічаны на найбольш напружаных участках працы, у першую чаргу ў рэспубліканскіх і ведамасных пунктах мытнага афармлення. Аўтаматызацыя працэсаў у мытнай сферы працягнецца. Наступным этапам разглядаецца ўкараненне сістэмы аўтаматычнага прысвойвання рэгістрацыйнага нумара на ўсе пададзеныя ў мытныя органы электронныя дэкларацыі на тавары. Укараненне працэдуры запланавана на пачатак 2013 года, паведаміў Уладзімір Арлоўскі.