У Беларусі з лютага павялічыліся памеры дзяржаўных дапамог сем'ям з дзецьмі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Так, павялічваюцца памеры дзіцячых дапамог, якія разлічваюцца з памеру бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ). Нагадаем, пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны №3 ад 19 студзеня 2017 года БПМ з 1 лютага па 30 красавіка бягучага года ў разліку на месяц устаноўлены ў памеры Br180,10. Адпаведна, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці цяпер складае Br1801; пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - Br2521,40. Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, з лютага роўная Br180,10. Штомесячная дапамога сем'ям на дзяцей старэйшыя за 3 гады з асобных катэгорый сем'яў, вызначаных заканадаўствам, на дзіця-інваліда ў лютым-красавіку роўная Br126,07; на іншых дзяцей у сям'і - Br90,05. Штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцем-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў складае Br180,10; штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфікаванага ВІЧ, - Br126,07.

Новы БПМ павысіўся на 3,2% у параўнанні з тым, што дзейнічаў з 1 лістапада 2016 года па 31 студзеня 2017 года (Br174,52). Але пры гэтым памеры дзіцячых дапамог павялічыліся на 2,6%. Гэта тлумачыцца тым, што БПМ на перыяд з лістапада мінулага года па студзень бягучага знізіўся на 0,6% у параўнанні з тым, што дзейнічаў з жніўня па кастрычнік 2016 года. Але дзіцячыя дапамогі, якія разлічваюцца з бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, захаваліся ў ранейшым памеры (у адпаведнасці з указам ад 18 снежня 2006 года №726 "Аб разліку сацыяльных выплат" пры прызначэнні (пераразліку) памераў пенсій, дапамог, іншых сацыяльных выплат, якія разлічваюцца з БПМ, выкарыстоўваецца яго найбольшая велічыня за два апошнія кварталы).

Акрамя таго, з лютага павялічыліся і дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў. Гэтыя дапамогі дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад колькасці дзяцей у сям'і: на першае дзіця - 35% сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў рэспублікі, на другое і наступных дзяцей - 40%; на дзіця-інваліда - 45% сярэднямесячнай заработнай платы незалежна ад чарговасці нараджэння гэтага дзіцяці ў сям'і.