У Беларусі з лютага растуць пенсійныя выплаты
1.2.20120 праглядаў
1 лютага, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі з лютага бягучага года растуць пенсійныя выплаты, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Так, працоўныя пенсіі ў лютым у выніку пераліку будуць павялічаны ў сярэднім на 24%. Гэта павышэнне адчуюць звыш 2,4 млн. чалавек, якія атрымліваюць працоўныя пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Нагадаем, у адпаведнасці з указам №35 "Аб павышэнні пенсій", пералікі працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы ў 2012 годзе будуць ажыццяўляцца штоквартальна. Што тычыцца пераліку з 1 лютага гэтага года, то ён праведзены зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за IV квартал 2011 года (па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, яна склала Br2 млн. 543 тыс. 832).
Сярэдні памер працоўнай пенсіі па ўзросце ў лютым павялічыцца, па ацэнцы, да Br1 млн. 252 тыс. Варта адзначыць, што памер пенсіі кожнага канкрэтнага пенсіянера залежыць ад індывідуальных параметраў яго стажу працы, велічыні заробку і іншых дадзеных, зафіксаваных у матэрыялах пенсійнай справы, у тым ліку ад наяўнасці права на надбаўкі і павышэнні да пенсіі.
Максімальны памер працоўнай пенсіі па ўзросце для непрацуючых пенсіянераў, якія маюць стаж 40 гадоў у жанчын і 45 гадоў у мужчын і пры індывідуальным каэфіцыенце 4,0 і вышэй, дасягнуў з лютага Br1 млн. 879 тыс. 260. У працуючых пенсіянераў, якія маюць стаж 40/45 гадоў і пры індывідуальным каэфіцыенце 1,3 і вышэй, максімальны памер працоўнай пенсіі па ўзросце складае з лютага Br1 млн. 364 тыс. 130.
Акрамя таго, Указам №35 "Аб павышэнні пенсій" з 1 студзеня 2012 года ўстаноўлена дадатковая мэтавая даплата да пенсій пажылым грамадзянам, якая будзе выплачвацца штомесяц непрацуючым пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэй. Даплаты ўстаноўлены да пенсій амаль 600 тыс. чалавек, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне: для асоб, якія дасягнулі ўзросту 75 гадоў, - 75% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, 80 гадоў і старэй - 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. Такім чынам, памер студзеньскай даплаты за даўгалецце складае адпаведна Br107 тыс. 770 і Br143 тыс. 700. А з лютага бягучага года памер мінімальнай пенсіі па ўзросце ўзрастае да Br176 тыс. 720. Такім чынам, памер пенсійных бонусаў складае з лютага Br132 тыс. 540 і Br176 тыс. 720 адпаведна. Прычым выплата студзеньскай даплаты будзе праведзена ў лютым 2012 года - разам з лютаўскай пенсіяй і даплатай да яе, падкрэслілі ў міністэрстве.
Фінансаванне дадзенай мэтавай выплаты самым пажылым пенсіянерам прадугледжваецца за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Па ацэнцы, выдаткі на гэтыя мэты да канца 2012 года складуць Br876 млрд.
З 1 лютага таксама адбудзецца чарговы пераразлік мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій, а таксама надбавак і павышэнняў, устаноўленых да пенсій асобных катэгорый пенсіянераў. Пераразлік праводзіцца ў сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ). Пастановай урада на перыяд з 1 лютага па 30 красавіка 2012 года БПМ устаноўлены ў памеры Br706 тыс. 880 - гэта на 23% вышэй за нарматыў, які дзейнічаў з 1 лістапада 2011 года па 31 студзеня 2012 года (Br574 тыс. 790).
Дадатковыя выдаткі на выплату пералічаных пенсій і бонусаў складуць у лютым бягучага года Br603,3 млрд., а ў цэлым на выплату пенсій будзе накіравана ў гэтым месяцы Br3 трлн. 36,3 млрд.Як ужо паведамлялася БЕЛТА, у Беларусі ў 2011 годзе праведзены тры пераразлікі працоўных пенсій, заснаваных на росце сярэдняй заработнай платы работнікаў (з чэрвеня, жніўня і лістапада). Чатыры разы (з лютага, мая, жніўня і лістапада) павышаліся мінімальныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні да пенсій у сувязі з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ). З улікам эканамічнай сітуацыі першачарговая ўвага ў 2011 годзе была нададзена падтрымцы атрымальнікаў невысокіх пенсій. Так, з чэрвеня павышаны памер даплаты да мінімальных працоўных пенсій з 15% да 20% сярэдняй зарплаты работнікаў. З жніўня павялічаны памеры сацыяльных пенсій адносна БПМ. Два разы - у ліпені і верасні 2011 года - непрацуючым пенсіянерам аказвалася аднаразовая матэрыяльная дапамога.-0-
БЕЛТА