24 кастрычніка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі з лістапада павышаюцца памеры працоўных пенсій. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.
У адпаведнасці з указам Прэзідэнта ад 16 студзеня 2012 года №35 "Аб павышэнні пенсій" з 1 лістапада бягучага года будзе праведзены пераразлік працоўных пенсій зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за трэці квартал.
Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдняя заработная плата за трэці квартал 2012 года склала Br4 млн. 37 тыс. 686. Гэта на 14,7% вышэй за сярэднюю заработную плату работнікаў за другі квартал гэтага года, якая прымянялася пры папярэднім пераразліку працоўных пенсій (у жніўні).
"У выніку пераразліку з лістапада 2012 года працоўныя пенсіі, пры вылічэнні памеру якіх не прымяняецца бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, павялічацца на 14,7%", - адзначыў Валерый Кавалькоў.
Адначасова з пераразлікам працоўных пенсій, заснаваным на росце сярэдняй заработнай платы, у лістападзе будуць пералічаны мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі, павышэнні да пенсій і даплаты да пенсій асоб старэйшага ўзросту ў сувязі з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ), дадаў намеснік міністра.
Па ацэнцы, БПМ у цэнах верасня 2012 года ў параўнанні з яго папярэднім паказчыкам вырасце на 4,3% і складзе Br880 тыс. 30. Адпаведна на 4,3% павялічацца сацыяльныя пенсіі, надбаўкі, павышэнні і даплаты да пенсій.
У выніку пераразлікаў пенсій у лістападзе сярэдняя пенсія па ўзросце, па ацэнцы, павялічыцца на 14,1% і складзе Br1 млн. 964,3 тыс.
Фінансаванне расходаў на павелічэнне пенсій будзе ажыццяўляцца са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Дадатковыя расходы на гэтыя мэты ў лістападзе гэтага года складуць Br589,8 млрд.-0-
БЕЛТА
У Беларусі з лістапада павялічваюцца памеры працоўных пенсій
24.10.20120 праглядаў