19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі сёння, 19 снежня, пачаліся выбары Прэзідэнта краіны. Участкі для галасавання адкрыліся ў 8.00 і будуць працаваць без перапынку да 20.00, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
Аддаць свой голас за аднаго з дзесяці кандыдатаў у прэзідэнты грамадзяне Беларусі могуць на адным з 6 тыс. 390 выбарчых участкаў, у тым ліку 44 – за мяжой. Паводле даных ЦВК, выбарчым правам валодаюць больш за 7 млн. 94 тыс. чалавек.
Для атрымання бюлетэня выбаршчыкі павінны прадаставіць пашпарт. Яго можа замяніць ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовае пасведчанне дзяржслужачага, пенсійнае пасведчанне або студэнцкі білет (калі ў іх ёсць фотаздымак), даведка органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт), калі іх прад'яўнік значыцца ў спісах выбаршчыкаў на гэтым участку. Той, каго па якой-небудзь прычыне няма ў спісах, будзе ўключаны ў іх дадаткова на падставе дакументаў, што сведчаць асобу і пацвярджаюць пастаяннае або часовае пражыванне на гэтым выбарчым участку.
У кожны бюлетэнь унесены ў алфавітным парадку прозвішчы зарэгістраваных кандыдатаў на пост Прэзідэнта. У дачыненні да кожнага з іх пазначана дата нараджэння, прафесія, пасада, занятак, месца працы і жыхарства, а таксама партыйнасць. Справа ад даных аб кожным кандыдаце змешчаны пусты квадрат. У канцы пераліку кандыдатур дададзена радок – "супраць усіх кандыдатаў".
У ЦВК нагадалі, што выбаршчыкі самастойна запаўняюць бюлетэнь. Калі яны па стане здароўя не могуць гэтага зрабіць, то маюць права даручыць гэта іншай асобе, акрамя членаў выбаркамаў, кандыдатаў у прэзідэнты, іх давераных асоб, назіральнікаў і прадстаўнікоў СМІ. Калі выбаршчык па ўважлівай прычыне не можа наведаць участак, ён мае права звярнуцца ва ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне па месцы жыхарства, але не пазней чым за 2 гадзіны да заканчэння галасавання, гэта значыць да 18.00.
Выбары Прэзідэнта будуць прызнаны адбыўшыміся, калі колькасць выбаршчыкаў, што прагаласавалі, перавысіць 50% агульнага спісу. Пераможцам стане той з кандыдатаў, хто набярэ больш за палову галасоў ад колькасці тых, хто прыняў удзел у выбарах.-0-
БЕЛТА
У Беларусі сёння пачаліся прэзідэнцкія выбары
19.12.20100 праглядаў