16 лістапада, Віцебск /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Заканадаўчая база для падтрымкі і развіцця прадпрымальніцтва ў Беларусі створана ў поўным аб'ёме. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей Самашка. Ён прымае ўдзел у сумесным пасяджэнні Савета прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і прэзідыума Віцебскага абласнога савета прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.
"Новых законаў для падтрымкі прадпрымальніцтва не патрабуецца, аднак неабходна ўносіць карэкцівы ў дзеючыя на аснове правапрымяняльнай практыкі", - падкрэсліў парламентарый. У цяперашні час распрацоўваецца праект указа па падрыхтоўцы плана заканадаўчай дзейнасці на 2012 год. Па словах Сяргея Самашкі, сярод законапраектаў, якія могуць быць вынесены на разгляд дэпутатаў у наступным годзе, 12 будуць датычыцца дзейнасці суб'ектаў гаспадарання. Мяркуецца, што дэпутаты разгледзяць змены ў законы аб цэнаўтварэнні, аб процідзеянні манапольнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі, аб гаспадарчых таварыствах. У прыватнасці, праект апошняга прадугледжвае існаванне гаспадарчага таварыства з адным удзельнікам. Дзеючы закон падобнага не дапускае, а ў выпадку аднаго ўдзельніка патрабуе пераўтварэння таварыства ў унітарнае прадпрыемства. Такое пераўтварэнне вядзе да дадатковых затрат, напрыклад, па рэгістрацыі. Парламентарыі ўлічылі пажаданні малога бізнесу, які часцей сутыкаецца з падобнай праблемай, растлумачыў Сяргей Самашка.
Сярод найважнейшых праектаў, якія рыхтуюцца цяпер дэпутатамі, Сяргей Самашка назваў закон аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, які будзе рэгуляваць адносіны бізнесу і дзяржавы. Чакаецца, што гэты законапраект таксама будзе вынесены на абмеркаванне ў наступным годзе.-0-
БЕЛТА
У Беларусі сфарміравана заканадаўчая база для развіцця прадпрымальніцтва - дэпутат
16.11.20110 праглядаў