30 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Сабранага ў Беларусі аб'ёму збожжа краіне дастаткова і на харчовыя, і на фуражныя мэты. Поўнасцю выкананы і нават перавыкананы дзяржаўны заказ. Гэта адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы сёння на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2011", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўласным збожжам забяспечаны магутнасці перапрацоўчых, мукамольных і хлебных прадпрыемстваў. Будзе выраблена неабходная колькасць розных круп: грэчкі, проса, аўсянай і ячменнай. "У гэтым годзе мы поўнасцю забяспечым сябе ўсім асартыментам крупы, якую вырабляем у краіне", - запэўніў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, гэта дасягнута самаадданай працай многіх тысяч зямляробаў. Перадавікі вартыя самай высокай ацэнкі і пахвалы, адзначыў Прэзідэнт. Захапляюць вынікі экіпажа старшага камбайнера Уладзіміра Корсака з агракамбіната "Зара" Магілёўскага раёна, які намалаціў больш за 5,2 тыс.т збожжа. Цешыць і маладое пакаленне камбайнераў, першым сярод якіх стаў экіпаж Сяргея Шалухо з агракамбіната "Ждановічы" Мінскага раёна, які намалаціў амаль 3050 т збожжа. Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў рэкардсменаў першых "Дажынак". "Тады, у 1996 годзе, мы ўзнагароджвалі экіпажы, якія пераадольвалі планку ў паўтары тысячы тон збожжа. А пра намалоты нават у дзве тысячы маглі толькі марыць. Сёння ўжо перавышаны пяцітысячны рубеж - гэта сапраўды рэкорды", - сказаў ён. Прэзідэнт адзначыў, што і з ураджайнасцю збожжавых значны прагрэс. У 321 сельскагаспадарчай арганізацыі атрымана больш за 40 ц/га. Абсалютным лідарам па ўраджайнасці стаў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў "Свіслач" Гродзенскага раёна, дзе сабрана больш за 86 ц/га (кіраўнік Васіль Густырь, галоўны аграном Юрый Валяваты). Рубеж у 80 ц збожжа з гектара, што з'яўляецца паказчыкам лепшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Германіі, Францыі і ЗША, перавысілі і іншыя гаспадаркі. Гэта "Прагрэс-Верцялішкі" Гродзенскага раёна (амаль 85 ц/га), кааператыў імя Варанецкага Бераставіцкага раёна (больш за 84 ц/га), "Аляксандрыйскае" Шклоўскага раёна (82,7 ц/га). Узровень ураджайнасці збожжавых і зернебабовых культур у 50 ц/га перавысілі 6 раёнаў рэспублікі. Першае месца, можна сказаць ужо традыцыйна, па гэтым паказчыку займае Гродзенскі раён - больш за 61 ц/га. На другім і трэцім месцах два іншыя раёны Гродзеншчыны - Бераставіцкі і Мастоўскі.-0-