У Беларусі захоўваецца залежнасць эканомікі ад імпарту - КДК
17.8.20110 праглядаў
17 жніўня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. У Беларусі захоўваецца залежнасць эканомікі ад імпарту. Пра гэта заявіў сёння старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон на пасяджэнні КДК, дзе прааналізавана сітуацыя з імпартнымі закупкамі, а таксама пытанні імпартазамяшчэння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аналіз паказаў, што захоўваецца залежнасць эканомікі ад імпарту. У затратах на вытворчасць прадукцыі практычна адна трэць прыпадае на імпартную сыравіну, матэрыялы, камплектуючыя і паліва. Па выніках першага квартала 2011 года сальда знешняга гандлю пагоршылася да адпаведнага перыяду мінулага года, канстатаваў Аляксандр Якабсон. Ён прызнаў, што 73% імпарту - гэта прамежкавыя тавары. "Так, у нас вялікі прамежкавы імпарт, такая спецыфіка таварнай структуры, няма сваіх энергетычных рэсурсаў", - адзначыў ён. Энергетычны імпарт у прамежкавым займае амаль палову. Гэта аб'ектыўны фактар, адзначыў старшыня КДК. Але калі адняць гэты энергетычны складнік, застаецца адмоўнае знешнегандлёвае сальда таварамі, якое ў першым квартале склала $650 млн. Такім чынам, непераканаўчымі з'яўляюцца довады некаторых спажыўцоў імпарту, што адмоўнае сальда ўзнікае з-за энергетычных тавараў. У першым квартале зноў вырасла імпартаёмістасць на 0,6 працэнтных пункта, заўважыў кіраўнік КДК.
Аналіз дзейнасці прадпрыемстваў па імпартных закупках паказаў, што арганізацыі камунальнай формы ўласнасці больш вынікова працуюць на станоўчае сальда знешняга гандлю. Хоць тут трэба адзначыць, што ў іх не такія высокія аб'ёмы вытворчасці, як на прадпрыемствах рэспубліканскай формы ўласнасці. Больш-менш нармальная сітуацыя па імпарце складваецца і на прадпрыемствах без ведамаснай формы ўласнасці. А вось на прадпрыемствах рэспубліканскай формы ўласнасці вынікі па зніжэнні імпарту і імпартазамяшчэнні "пакуль вельмі непераканаўчыя", сказаў Аляксандр Якабсон. На яго думку, многія кіраўнікі ўсё яшчэ да гэтага часу не ўсвядомілі гэту праблему, "а часам проста баяцца яе вырашаць". "Не наточаны кіраўнікі пад гэту праблему, баяцца яе і не займаюцца", - лічыць Аляксандр Якабсон. Ён прывёў у прыклад Браслаўскі хлебазавод, дзе пры магутнасці 47 т хлеба ў суткі вырабляецца толькі 7 т. У прадпрыемства шмат незадзейнічаных плошчаў. Кіраўніцтва завода лічыць, што імпартнага складніка ў вытворчасці хлебапрадуктаў у іх няма, зусім не ўлічваючы тут выкарыстанне імпартных энерганосьбітаў. Таксама гэты хлебазавод не спрабуе экспартаваць сваю прадукцыю, ніхто не даводзіць да яго паказчыкі экспарту. У той час як у Беларусі ёсць шмат прыкладаў іншых прадпрыемстваў па вытворчасці хлебапрадуктаў, якія паспяхова іх экспартуюць.
Яшчэ адзін факт, які выявіў Камітэт дзяржкантролю, аналізуючы сітуацыю па імпарце. У свабодных эканамічных зонах у першым паўгоддзі сальда знешняга гандлю склалася адмоўнае і дасягнула амаль $60 млн. "Гэта губіць саму ідэю з СЭЗ", - лічыць кіраўнік КДК, паколькі менавіта свабодныя эканамічныя зоны прызваны працаваць на экспарт. Па ацэнцы Аляксандра Якабсона, калі нашы вытворцы па-ранейшаму будуць купляць больш, чым прадаваць, то гэта падобна на бескарысную працу, лічыць старшыня камітэта.
Ён таксама падкрэсліў, што Камітэт дзяржкантролю, які пастаянна надае вырашэнню гэтай праблемы вялікую ўвагу, не будзе здымаць яе з кантролю да таго часу, пакуль не ўбачыць станоўчую тэндэнцыю.-0-
БЕЛТА