Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт падпісалі дагавор аб стварэнні адзінага рэспубліканскага вучэбна-навукова-вытворчага тэхналагічнага кластара, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БДТУ.
Мэтай стварэння кластара з'яўляецца фарміраванне інавацыйных падыходаў да тэхналагічнай адукацыі і забеспячэнне практычнага выкарыстання гэтых падыходаў пры падрыхтоўцы інжынерных кадраў. Пры гэтым удзельнікі кластара захоўваюць сваю юрыдычную самастойнасць.
Прадугледжваецца шырокі спектр супрацоўніцтва ВНУ ў рамках рэалізацыі акадэмічнай мабільнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу на аснове інтэграцыі рэсурсаў устаноў адукацыі, правядзення сумесных мерапрыемстваў па абмене вопытам і вынікамі работ у інавацыйнай, навукова-тэхнічнай і адукацыйнай сферах дзейнасці. Пры гэтым з'явіцца магчымасць выкарыстоўваць матэрыяльна-тэхнічныя і інфармацыйна-адукацыйныя рэсурсы кластара для рэалізацыі і далейшага нарошчвання інавацыйных тэхналогій і рэсурсаў у рамках адукацыйнага працэсу, а таксама рэалізоўваць міжнародныя навукова-даследчыя праекты і гранты па розных крыніцах фінансавання ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Акрамя таго, будуць ажыццяўляцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ў інавацыйнай, навукова-тэхнічнай і адукацыйнай сферах дзейнасці кластара, уключаючы патэнтную дзейнасць і трансфер тэхналогій, навукова-метадычнае суправаджэнне праектаў і экспертную дзейнасць. Запланавана рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі і дадатковай адукацыі дарослых з прыцягненнем спецыялістаў.
Сумесныя мерапрыемствы ўключаць у сябе сімпозіумы, семінары, канферэнцыі, круглыя сталы, курсы павышэння кваліфікацыі і прафесійнай перападрыхтоўкі, майстар-класы, прафстажыроўкі, рэалізацыю сумесных навукова-даследчых праектаў і сеткавага (мадульнага) навучання студэнтаў па адукацыйных праграмах вышэйшай адукацыі.