21 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Беларусі створаны добры інвестыцыйны клімат. Такое меркаванне выказаў сёння карэспандэнту БЕЛТА дырэктар кампаніі World White Basiness Solutions (Індыя) Нарэндра Нагмані, які прымае ўдзел у бізнес-форуме ў Віцебску. "Беларусь і Індыя - даўнія дзелавыя партнёры. Нам імпануюць умовы, створаныя ў вашай краіне для інвестараў: няма праблем з атрыманнем інфармацыі, адчуваецца зацікаўленасць мясцовых органаў улады ў прыцягненні дзелавых партнёраў, аказваецца ўся неабходная падтрымка", - канстатаваў Нарэндра Нагмані, прыводзячы ў прыклад Віцебскую вобласць. На бізнес-форуме ў Віцебску індыйскі інвестар плануе ўсталяваць дзелавыя кантакты для рэалізацыі праектаў у сферы мяса-малочнай і льняной перапрацоўкі, фармацэўтычнай і турыстычнай галінах. Некаторыя праекты Нарэндра Нагмані як кіраўнік кансалтынгавай кампаніі плануе ў далейшым прапанаваць сваім партнёрам, якія таксама выяўляюць цікавасць да Беларусі. Нарэндра Нагмані адзначыў, што раней прымаў удзел у інвестыцыйным форуме ў Глыбокім. Паводле яго слоў, гэта прывабны раён, яму ёсць што паказаць і прапанаваць. "Мы пазнаёміліся з дзейнасцю Глыбоцкага мясакамбіната і малочна-кансервавага камбіната. Цяпер абмяркоўваем магчымасць стварэння на базе апошняга або любога іншага малочнага прадпрыемства Віцебскай вобласці вытворчасці па перапрацоўцы малочнай сыроваткі. Таксама разглядаем магчымасць рэалізацыі праекта ў сферы турызму ў Глыбоцкім раёне", - дадаў суразмоўца. Ён выказаў упэўненасць у тым, што гэтыя праекты будуць увасоблены. Міжнародны форум "Інавацыйны бізнес - інвестыцыі будучыні" праходзіць у Віцебску 21-22 кастрычніка. Арганізатар мерапрыемства - Віцебскі аблвыканкам.-0-

БЕЛТА