17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створана дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах у 2011 годзе. Як паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнта Беларусі, указ №190 "Аб арганізацыі ўступнай кампаніі ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы ў 2011 годзе" кіраўнік дзяржавы падпісаў 16 мая. Указ прыняты з мэтай прадастаўлення грамадзянам роўных магчымасцей пры паступленні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і забеспячэння кантролю за падрыхтоўкай і правядзеннем уступных выпрабаванняў. У склад камісіі ўключаны члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і работнікі кантралюючых органаў. Камісія заклікана забяспечваць кантроль за падрыхтоўкай і правядзеннем цэнтралізаванага тэсціравання, іншых форм уступных выпрабаванняў, прадастаўленнем абітурыентам роўных магчымасцей пры паступленні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. У яе функцыі таксама ўваходзіць прыняцце мер па ўстараненні выяўленых парушэнняў нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць арганізацыю і правядзенне прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, ажыццяўленне прыёму грамадзян па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў, а таксама забеспячэнне асвятлення працы камісіі ў сродках масавай інфармацыі.-0-

БЕЛТА