18 кастрычніка, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. У Беларусі створана 6390 участкаў для галасавання на выбарах Прэзідэнта, якія пройдуць 19 снежня. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Найбольшую колькасць выбарчых участкаў сфарміравана ў Гомельскай і Мінскай абласцях (1114 і 1085 адпаведна), 986 - у Брэсцкай вобласці, 911 - у Віцебскай, 818 - у Магілёўскай, 730 - у Гродзенскай і 702 - у Мінску. З іх - 280 участкаў, якія будуць працаваць у санаторыях, прафілакторыях, бальніцах і іншых лячэбна-прафілактычных установах, і 52 - у воінскіх часцях. Акрамя таго, 44 выбарчыя ўчасткі сфарміраваны за межамі Беларусі. Пасля ўтварэння участкаў пачынаецца фарміраванне участковых выбарчых камісій і вылучэнне прадстаўнікоў для ўключэння ў іх склад. У кожную з участковых камісій могуць уваходзіць ад 5 да 19 чалавек. Выключэнне зроблена толькі для камісій, якія фарміруюцца за мяжой. Да 31 кастрычніка ўключна палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы і грамадзяне могуць вылучаць кандыдатуры для ўключэння ў склад участковых камісій. Фарміраванне такіх камісій працягнецца да 3 лістапада. Што тычыцца кандыдатаў, з якіх грамадзянам Беларусі 19 снежня трэба будзе выбраць кіраўніка дзяржавы, то яны будуць вызначаны да 23 лістапада. Пакуль ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў працягваюць збіраць подпісы ў падтрымку іх вылучэння.-0-

БЕЛТА