20 мая, Віцебск /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. У Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для працы замежных бізнесменаў. Такую кропку гледжання ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказала ўдзельніца інавацыйна-інвестыцыйнага форуму "Інавацыйны бізнес - інвестыцыі ў будучыню", які праходзіць сёння ў Віцебску, дырэктар OW PLUS Вольга Капацэвіч (Чэшская Рэспубліка). Беларускія і чэшскія прадпрыемствы і бізнесмены могуць супрацоўнічаць у розных сферах, аднак вытворчая дзейнасць з'яўляецца найбольш эфектыўнай, упэўнена бізнесвумен. Паводле яе ацэнкі, у Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця новых вытворчасцей. Разам з тым Вольга Капацэвіч са шкадаваннем канстатавала, што ў Заходняй Еўропе вельмі мала ведаюць аб рэальным становішчы спраў у Беларусі і мерах, якія прымаюцца дзяржавай па падтрымцы прыватнага бізнесу. Спадарыня Капацэвіч родам з Беларусі і ў цяперашні час з'яўляецца кіраўніком кампаніі, якая займаецца вытворчасцю электраабсталявання для аўтатрактарнай тэхнікі, у тым ліку для такіх вытворцаў, як Skoda і Volkswagen. На форуме ў Віцебску кампанія OW PLUS падпісала пратакол намераў аб стварэнні сумеснай вытворчасці на базе рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Завод "Эвістар" з агульным аб'ёмам інвестыцый $5 млн. Удзельнікамі інвестыцыйнага форуму, які праходзіць у Віцебску 20-21 мая, сталі больш за 200 прадстаўнікоў дзелавых колаў з 12 краін свету. На разгляд патэнцыйных інвестараў прадстаўлена звыш 150 новых прапаноў. Прыярытэтнымі напрамкамі сталі інавацыйныя тэхналогіі ў галіне лагістыкі, энергазберажэння, харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, машынабудавання, фармацэўтыкі, турызму. Падчас форуму плануецца правядзенне навукова-практычнай выставы інавацыйных і інвестыцыйных праектаў "Навука. Інавацыі. Інвестыцыі", прэзентацыя прыярытэтных праектаў, кантактна-кааперацыйная біржа, наведванне прадпрыемстваў і інвестыцыйных пляцовак. Інвестары атрымаюць магчымасць азнаёміцца з ужо паспяхова рэалізаванымі на тэрыторыі вобласці праектамі, пагутарыць з бізнесменамі, якія вядуць інвестыцыйную дзейнасць у вобласці.-0-

БЕЛТА