11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створаны роўныя ўмовы падаткаабкладання як пры ўвозе, так і пры вытворчасці і рэалізацыі аўтамабіляў на тэрыторыі рэспублікі. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве па падатках і зборах Беларусі, каментуючы ўказ №130 ад 4 красавіка 2011 года. "Прыняцце Указа Прэзідэнта Беларусі ад 4 красавіка 2011 года №130 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" накіравана на ўстанаўленне роўных умоў падаткаабкладання як пры ўвозе, так і пры вытворчасці і рэалізацыі аўтамабіляў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь", - адзначылі ў міністэрстве. У прыватнасці, тут растлумачылі, што змяненні і дапаўненні ва ўказ ад 24 лістапада 2005 года №546 "Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання тавараў, якія перамяшчаюцца праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь" прадугледжваюць вызваленне ад ПДВ і акцызаў пры ўвозе аўтамабіляў, незалежна ад краіны ўвозу (раней названыя прэферэнцыі не распаўсюджваюцца на транспартныя сродкі, якія ўвозяцца з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі). Пры гэтым падатковая база па падатку на дабаўленую вартасць пры рэалізацыі юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі транспартных сродкаў вызначаецца як розніца паміж цаной рэалізацыі і цаной набыцця транспартных сродкаў незалежна ад месца іх набыцця і катэгорыі прадаўца (гэта значыць імі могуць быць як фізічныя, так і юрыдычныя асобы). Раней названая прэферэнцыя распаўсюджвалася толькі на асоб, якія рэалізуюць аўтамабілі, увезеныя імі на тэрыторыю Беларусі ў адпаведнасці з указам №546. Змяненні і дапаўненні, унесеныя ва ўказ ад 4 красавіка 2009 года №175 "Аб мерах па развіцці вытворчасці легкавых аўтамабіляў" прадугледжваюць для аўтавытворцаў вызваленне ад разліку і выплаты акцызаў у частцы аб'ёмаў вырабленых легкавых аўтамабіляў і аўтакампанентаў уласнай вытворчасці і іх рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, а таксама ад ПДВ у частцы абаротаў па рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, вырабленых імі легкавых аўтамабіляў. У ранейшай рэдакцыі названыя прэферэнцыі вытворцу адсутнічалі. Таксама прадугледжана вызваленне ад разліку і выплаты ПДВ, які спаганяецца падатковымі органамі пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання і аўтакампанентаў з тэрыторыі дзяржаў - членаў Мытнага саюза, для вытворчасці легкавых аўтамабіляў.