У Беларусі стабільна мінімізуецца адмоўнае сальда знешняга гандлю
3.8.20110 праглядаў
3 жніўня, Мінск /Лілія Крапіўная - БЕЛТА/. У Беларусі стабільна мінімізуецца адмоўнае сальда знешняга гандлю. Пра гэта заявіў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай палітыкі Міністэрства эканомікі Раман Бродаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Тэндэнцыя мінімізацыі сальда знешняга гандлю мае стабільны характар", - сказаў Раман Бродаў і прывёў для пацвярджэння канкрэтныя лічбы. У першым паўгоддзі адмоўнае знешнегандлёвае сальда склала Br4,5 млрд. На 67% яно было сфарміравана ў першым квартале і толькі на 33% - у другім. Гэта добры вынік, які сведчыць пра стабільны характар пастаяннага зніжэння знешнегандлёвага сальда, падкрэсліў прадстаўнік Мінэканомікі.
Ён таксама падрабязна прааналізаваў шэраг фактараў, якія паўплывалі на вынікі знешняга гандлю Беларусі ў першым паўгоддзі. Так, за красавік і май атрыманы рэкордны аб'ём экспарту. У той жа час у чэрвені не ўдалося дасягнуць такіх жа высокіх паказчыкаў, экспарт склаў $3,350 млрд. "На $150 млн. мы не дацягнулі, каб застацца на рэкордным узроўні папярэдняга месяца, - сказаў Раман Бродаў. - У чэрвені мы б засталіся на тым жа высокім узроўні, калі б не планавае пераўзбраенне аднаго з нафтаперапрацоўчых заводаў". Планавае пераўзбраенне НПЗ некалькі запаволіла экспарт светлых нафтапрадуктаў, пры тым, што сыравіна на прадпрыемства працягвала паступаць.
Яшчэ адзін фактар, які сфарміраваў пагаршэнне ў знешнім гандлі ў чэрвені, - гэта імпарт легкавых аўтамабіляў. Ён склаў за гэты месяц $650 млн. Раман Бродаў параўнаў гэтую лічбу з гадавым экспартам канцэрна "Белегпрам", які складае каля $640 млн. Таму імпарт легкавых аўтамабіляў таксама значна паўплываў на фарміраванне знешнегандлёвага балансу, аднак гэтыя фактары не з'яўляюцца структурнымі, характэрнымі, пастаяннымі. У другім паўгоддзі 2011 года знешнегандлёвы баланс будзе фарміравацца зусім на іншых эканамічных прынцыпах. Структурна эканоміка перабудоўваецца на экспарт у сваім дамінуючым значэнні, падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення Мінэканомікі.
На тэндэнцыю мінімізацыі адмоўнага знешнегандлёвага сальда ўказвае і апярэджваючы тэмп росту экспарту над імпартам. Па выніках 6 месяцаў тэмпы росту экспарту апярэджвалі імпарт на 6,7 працэнтнага пункта. Прычым гэты разрыў мае месца па ўсіх сегментах рынку, незалежна ад геаграфічнай прыналежнасці. Экспарт перавышае імпарт у гандлі Беларусі з краінамі Еўрасаюза, СНД, у тым ліку з Расіяй, а таксама з краінамі Мытнага саюза. "Гэта добры вынік, ён указвае на тое, што сітуацыя ў знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі, нягледзячы на чэрвеньскі фактар, стабілізавалася і нацэлена на мінімізацыю сальда, а не на яго далейшае нарошчванне", - падкрэсліў Раман Брадоў. Тут ён удакладніў, што ў гэтым годзе асноўны імпартны тавар - газ у Беларусь увайшоў менш, чым у мінулым годзе, хоць аб'ектыўна ў краіне ёсць эканамічны рост, забяспечаны ў тым ліку і гэтым энерганосьбітам. Але рост імпарту газу звязаны не з аб'ёмам закупак, а з ростам цэн на гэты рэсурс.
Прадстаўнік Мінэканомікі таксама адказаў на пытанні журналістаў, якія тычацца праблем валютнай выручкі суб'ектаў гаспадарання. "Некаторыя органы дзяржкіравання бачаць праблему ў тым, што ў прынцыпе існуе тэндэнцыя скарачэння вяртання валютнай выручкі ў кароткатэрміновым перыядзе", - канстатаваў Раман Брадоў. Для вырашэння гэтай праблемы важным фактарам з'яўляецца выхад на адзіны курс беларускага рубля. "Таму па меры стабілізацыі і збліжэння курса, які існуе на розных сегментах рынку, гэтая праблема будзе ўстараняцца натуральным чынам", - лічыць ён. Жорсткая курсавая палітыка стане важным крокам, які "прывязе выручку ў патрэбнай колькасці і ў патрэбны час у нашу краіну", падкрэсліў Раман Брадоў. -0-
БЕЛТА