18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі стартаваў новы праект Міністэрства адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускім экзархаце. У Мінску на базе гімназіі №11 імя Чарняхоўскага і сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №70 імя Гурцьева была адкрыта інавацыйная пляцоўка "Укараненне мадэлі фарміравання духоўна-маральных якасцей вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой". Як растлумачылі ў Экзархаце, прадугледжваецца аб'яднанне вопыту работы духоўна-адукацыйных праектаў "ЛОГОС" у гімназіі №11 і "Жыватворная крыніца" ў школе №70. Вырашана, што прыярытэтныя напрамкі праекта - гэта распрацоўка і апрабацыя ўжо існуючых праграм факультатыўных курсаў і заняткаў дадатковай адукацыі для іх наступнага зацвярджэння, а таксама рэалізацыя форм пазакласнай работы з вучнямі, такіх як стварэнне тэатра-студыі, хору і валанцёрскага руху. "Інавацыйны праект прадугледжвае магчымасць далейшага далучэння да яго іншых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі", - дадалі ў БПЦ. Акрамя таго, у Экзархаце паведамілі, што Руская праваслаўная царква, у юрысдыкцыі якой знаходзіцца і Беларускі экзархат, апублікавала праекты дакументаў па арганізацыі праваслаўнай дашкольнай адукацыі. Гэтыя праекты выкладзены ў Інтэрнэт для таго, каб іх абмеркавала царкоўная педагагічная грамадскасць. Прапановы і заўвагі будуць прымацца на сайце аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі РПЦ.-0-

БЕЛТА