Штогод у Беларусі адбываюцца выпадкі, звязаныя з гібеллю і траўматызмам дзяцей. І часцей за ўсё – па адной і той жа прычыне: дарослыя губляюць кантроль. «Усяго на хвілінку» – і дзеці застаюцца адны.
Здаецца, што нічога страшнага не здарыцца, але менавіта гэтыя хвіліны часам вырашаюць усё. Многія бацькі думаюць, што дзіця ўжо дастаткова самастойнае, каб пакінуць яго аднаго. Але дзеці, асабліва дашкольнага ўзросту, толькі вучацца разумець, дзе небяспека. Пры гэтым бацькі практычна не надаюць увагі навучанню дзяцей элементарным правілам бяспекі. Горш за тое, часам самі падаюць прыклад небяспечных паводзін.
Каб прыцягнуць увагу бацькоў да праблемы гібелі і траўматызму дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту на пажарах і вадаёмах з 1 студзеня 2026 года ў Рэспубліцы Беларусь стартавала новая інфармацыйная кампанія «Дзеці – не дарослыя! Не пакідайце іх адных!».
Мэта кампаніі – паўплываць на бестурботнае стаўленне бацькоў да пытанняў бяспекі дзяцей, матываваць іх не пакідаць дзяцей без нагляду, арганізаваць карысны вольны час і стымуляваць да стварэння бяспечнага асяроддзя.
Бацькі часта ганарацца, калі іх дзіця паводзіць сябе «па-даросламу»: дапамагае, праяўляе самастойнасць, пісьменна разважае. Яны хочуць бачыць у сваім дзіцяці маленькага дарослага – разумнага і адказнага, які са многімі хатнімі справамі ўжо можа справіцца сам. Але гэта самаабман, бо дзеці – не дарослыя. Нават калі ўмеюць уключыць пліту, зарадзіць тэлефон ці прыгатаваць сабе гарбату. Яны ўсё яшчэ дзеці, у якіх няма досведу, ведаў і інстынкту самазахавання, як у дарослага чалавека.
Дзіця можа «гуляць у дарослага», паўтараючы дзеянні бацькоў, і нават не падазраваць, што некаторыя з іх небяспечныя. Агонь, электрычнасць, вада – усё гэта для дзіцяці не крыніца небяспекі, а элемент цікаўнасці. Ён не ведае, як хутка разгараецца полымя. Не здольны вызначыць, што электрапрыбор працуе няспраўна. Не разумее, што вада можа быць смяротна небяспечная, нават калі побач бераг.
Для максімальнага распаўсюджвання інфармацыйнай кампаніі МНС задзейнічае ўсе каналы камунікацыі. У наваколлі населеных пунктаў, на вуліцах з'явяцца ярка аформленыя більборды. Эфір тэлеканалаў рэспубліканскага і рэгіянальнага узроўняў папоўніцца новым сацыяльным відэаралікам, а радыёстанцыі ўключаць у ратацыю тэматычную аўдыёрэкламу. Лістоўкі і буклет з карыснай інфармацыяй запоўняць інтэрнэт-прастору і абновяць стэнды ва ўсіх грамадскіх месцах краіны.
Такім чынам, сацыяльная рэклама МНС не запалохвае, а наадварот прымушае задумацца нават тых, хто лічыць, што «з маімі дзецьмі такога ніколі не здарыцца». Ніводзін званок, крама ці справа не вартыя таго, каб рызыкаваць самым дарагім. І куды б вы не спяшаліся, вазьміце дзіця з сабой. Няхай лепш пачакае побач, бо з вамі ён у бяспецы. Беражыце сваіх дзяцей!