У Беларусі стартуе месячнік Чырвонага Крыжа пад дэвізам "Знак міласэрнасці і гуманнасці", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю і СМІ Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Анастасія Зайцава.
У Беларусі стартуе месячнік Чырвонага Крыжа пад дэвізам "Знак міласэрнасці і гуманнасці", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю і СМІ Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Анастасія Зайцава.
На працягу месяца ў кожным рэгіёне рэспублікі пройдуць мерапрыемствы, накіраваныя на вырашэнне сацыяльных праблем насельніцтва, адбудуцца дабрачынныя акцыі. Плануецца аказаць падтрымку самотным і пажылым людзям, у тым ліку ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівая ўвага будзе нададзена прапагандзе здаровага ладу жыцця.
Старт месячніку будзе дадзены 8 мая ў Міжнародны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў Мінску падчас урачыстай цырымоніі ўскладання кветак да бюста заснавальніка Чырвонага Крыжа Анры Дзюнана.
Гэтае свята было заснавана ў гонар швейцарскага гуманіста Жана Анры Дзюнана (нарадзіўся 8 мая 1828 года). У 1859 годзе Дзюнан стаў сведкам адной з самых жорсткіх і крывавых бітваў XIX стагоддзя - бітвы пры Сальферына, калі было забіта і паранена каля 40 тыс. чалавек. Анры Дзюнан вырашыў зрабіць усё магчымае, каб у далейшым палегчыць пакуты людзей. Па яго ініцыятыве ў сярэдзіне XIX стагоддзя пачалі фарміравацца першыя добраахвотныя аб'яднанні, якія займаліся аказаннем дапамогі на полі бою. У 1864 годзе ў Жэневе адбылася першая канферэнцыя Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, якая заклала падмурак будучага руху. Галоўныя задачы Камітэта Чырвонага Крыжа - прадастаўленне абароны і аказанне дапамогі пацярпелым падчас узброеных канфліктаў, распаўсюджванне прынцыпаў гуманітарнага права.
У 1919 годзе заснавана Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Вынікі Першай сусветнай вайны паказалі, што для больш цеснага супрацоўніцтва нацыянальных таварыстваў неабходны наднацыянальны інструмент узаемадзеяння. У цяперашні час Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца клапоціцца аб ахвярах прыродных і тэхнагенных катастроф, аб'ядноўвае 189 нацыянальных таварыстваў.
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа набліжаецца да свайго 100-гадовага юбілею.
Навіны Беларусі (БЕЛТА)