У Беларусі стартуе цэнтралізаванае тэсціраванне, паведамляе БЕЛТА.
У Беларусі стартуе цэнтралізаванае тэсціраванне, паведамляе БЕЛТА.
ЦТ па традыцыі пачнецца з экзамену па беларускай мове. Для яго праходжання сёлета зарэгістравалася 24 908 абітурыентаў, што амаль на 3,6 тыс. чалавек менш, чым летась. Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Юрый Міксюк, каментуючы зніжэнне колькасці жадаючых здаваць беларускую, растлумачыў, што адбылося гэта з-за агульнага зніжэння колькасці зарэгістраваных для здачы ЦТ абітурыентаў. "Сёлета на 9,8 тыс. чалавек менш зарэгістравалася для праходжання ЦТ. Трэба ўлічваць яшчэ і тое, што сёлета выпускнікі мінулых гадоў упершыню могуць прадставіць сертыфікаты мінулага года для паступлення ў ВНУ. Усё гэта разам і дае некаторае зніжэнне колькасці зарэгістраваных абітурыентаў у цэлым і па прадметах", - растлумачыў Юрый Міксюк.
Ён адзначыў, што 48,1% абітурыентаў зарэгістраваліся для праходжання ЦТ па чатырох прадметах. "Гэты паказчык прыкладна такі ж, як і летась", - удакладніў кіраўнік РІКВ.
Для паступаючых ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі падрыхтаваны ўсе экзаменацыйныя матэрыялы, спецыялісты, адказныя за правядзенне выпрабаванняў, знаходзяцца ў пунктах правядзення ЦТ. Само выпрабаванне стартуе па ўсёй краіне адначасова а 11.00.
Кожны абітурыент павінен з'явіцца ў пункт здачы ЦТ за 30 хвілін да пачатку тэсціравання і мець пры сабе запоўнены і зарэгістраваны пропуск, дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, від на жыхарства, пасведчанне бежанца), і ручку з чорным стрыжнем. У ходзе выпрабаванняў катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць розныя прылады сувязі. Абітурыенты, якія парушаць патрабаванні і прынясуць на ЦТ мабільныя тэлефоны і шпаргалкі, пакінуць аўдыторыю і будуць пазбаўлены магчымасці здаваць выпрабаванні сёлета, нават у рэзервовы дзень.