21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прапанова аб павелічэнні такс за незаконную здабычу дзікіх жывёл унесена ў праект новых правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Аляксандр Дуньковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Аляксандра Дуньковіча, згодна з дзеючымі нормамі, памер прычыненай прыродзе шкоды за незаконную здабычу лася складае Br9,5 млн. "Гэта не з'яўляецца стрымліваючым фактарам для парушальнікаў. Купля ў краме такой жа колькасці мяса абыдзецца браканьеру на парадак даражэй, чым аплата таксы, - дадаў намеснік начальніка. - Атрымліваецца, што цяпер браканьерства выгадна".
Напрыклад, у Літве за незаконна здабытага лася парушальнік абавязаны заплаціць 10 тыс. еўра, адзначыў Аляксандр Дуньковіч. "Мы прапанавалі павялічыць таксы настолькі, каб у браканьераў адпала жаданне страляць", - сказаў ён, дадаўшы, што суму за шкоду, прычыненую прыродзе, плануецца павялічыць прыкладна ў 3 разы.
Праект новых правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання распрацаваны ў 2012 годзе міжведамасным каардынацыйным саветам. Яго мэта - узмацненне кантролю і павышэнне эфектыўнасці паляўнічых гаспадарак. Дакумент стане дадаткаткам да указаў №580 ад 8 снежня 2005 года і №200 ад 26 красавіка 2010 года.
Падчас нарады аб удасканаленні правіл 30 ліпеня Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў выключыць з праекта ўсе магчымасці для парушэнняў норм у сферы вядзення паляўнічай гаспадаркі і адправіў дакумент на дапрацоўку.
Цяпер над праектам працуюць профільныя ведамствы і зацікаўленыя бакі - прадстаўнікі Мінлясгаса і яго паляўнічых гаспадарак, міністэрстваў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі і харчавання, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі, Упраўлення справамі Прэзідэнта, РГАА "БелАВМ", ПТПУП "Ваеннахот", НАН Беларусі.
Пасля дапрацоўкі дакумент будзе зноў перададзены ў Адміністрацыю Прэзідэнта.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)