2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі тарыфы на паслугі паштовай сувязі агульнага карыстання, якія аказваюцца насельніцтву, юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, павышаны з 1 верасня ў сярэднім на 10%, тарыфы на паслугі электрасувязі – у сярэднім на 7,1%. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства эканомікі, каментуючы пастанову Мінэканомікі ад 18 жніўня 2010 года №125 "Аб унясенні змяненняў у пастанову Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 2008 г. №105".
Дадзены дакумент Мінэканомікі прыняло пасля разгляду прапановы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі па павышэнні тарыфаў на асобныя паслугі электрасувязі і паштовай сувязі агульнага карыстання, якія дзейнічаюць са снежня 2009 года. Неабходнасць павышэння тарыфаў на гэтыя паслугі абумоўлена іх стратнасцю.
Такім чынам, тарыф на перасылку паштовай карткі павышаны на Br20 і ўстаноўлены ў памеры Br250, тарыф на перасылку простага ліста масай да 20 г узрос на Br30 і ўстаноўлены ў памеры Br320. Абанементная плата для насельніцтва за карыстанне тэлефонам на сетках, пераведзеных на пакадравы метад аплаты, павышана на Br500 і ўстаноўлена ў памеры Br2900 у месяц, на сетках, не пераведзеных на пакадравы метад аплаты, – павышана на Br600 і ўстаноўлена ў памеры Br4200 у месяц. Абанементная плата за радыёкропку ўстаноўлена ў памеры Br800 у месяц.
Прыкладна ў такіх жа памерах павышаны тарыфы на вышэйназваныя паслугі, якія аказваюцца юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам.
Пры гэтым у Міністэрстве эканомікі падкрэслілі, што ўзровень тарыфаў за мясцовыя і міжгарадскія тэлефонныя размовы, устаноўку тэлефона і паслугі тэлеграфа засталіся на ранейшым узроўні.
Па дадзеных прэс-службы, у адпаведнасці з заканадаўствам Міністэрства эканомікі ажыццяўляе рэгуляванне тарыфаў на паслугі сувязі агульнага карыстання па пераліку, зацверджанаму пастановай Савета Міністраў ад 31 сакавіка 2004 года №357.-0-
БЕЛТА
У Беларусі тарыфы на паштовае абслугоўванне з 1 верасня павышаны ў сярэднім на 10%, электрасувязі – на 7,1%
2.9.20100 праглядаў