27 красавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі працоўныя пенсіі вырастуць з мая бягучага года ў сярэднім на 18,2%. Павысяцца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі, павышэнні да пенсій, а таксама даплаты да пенсій непрацуючых пенсіянераў ва ўзросце 75 гадоў і старэй. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна.
Яна адзначыла, што на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2012 года №35 "Аб павышэнні пенсій" з 1 мая бягучага года будзе праведзены пераразлік працоўных пенсій зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за першы квартал бягучага года. Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, яна склала Br3 млн. 6 тыс. 88. Гэта на 18,2% вышэй за паказчык, які ўжываўся пры пераразліку працоўных пенсій у лютым гэтага года. "У выніку працоўныя пенсіі, пры вылічэнні памеру якіх не ўжываецца БПМ, павялічацца на 18,2%", - канстатавала міністр.
Па яе словах, у маі таксама будуць пераразлічаны мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі, павышэнні да пенсій і даплаты асобам старэйшых узростаў у сувязі з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. БПМ у цэнах сакавіка 2012 года зацверджаны ўрадам у памеры Br743 тыс. 20, што на 5,1% перавышае нарматыў, які дзейнічае з 1 лютага па 30 красавіка 2012 года. Адпаведна сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні павялічацца на 5,1%.
З улікам новай велічыні БПМ памеры даплаты да пенсій непрацуючых пенсіянераў з мая складуць для людзей, якія дасягнулі ўзросту 75 гадоў, - Br139,3 тыс., якія дасягнулі ўзросту 80 гадоў - Br185,8 тыс.
У цэлым сярэдняя пенсія па ўзросце, па ацэнцы, павялічыцца на 16,9% і складзе Br1 млн. 467,5 тыс.
"Памер пенсіі для канкрэтнага чалавека будзе залежаць ад індывідуальных параметраў, якія выкарыстоўваюцца для разліку яго пенсіі - стажу працы, індывідуальнага каэфіцыента, які пазначаны ў пенсійным пасведчанні", - падкрэсліла міністр.
Максімальны памер пенсіі па ўзросце для непрацуючых пенсіянераў складзе з мая бягучага года Br2 млн. 220 тыс. 750.
Фінансаванне расходаў на павелічэнне пенсій будзе ажыццяўляцца са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Дадатковыя расходы на гэтыя мэты ў маі бягучага года складуць Br522 млрд. Неабходныя сродкі ў фондзе ёсць, запэўніла Мар'яна Шчоткіна.-0-
БЕЛТА
У Беларусі працоўныя пенсіі з мая вырастуць у сярэднім на 18,2% - М.Шчоткіна
27.4.20120 праглядаў