5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з уступленнем з 1 студзеня 2013 года новага Падатковага кодэкса паляпшаюцца ўмовы прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання (ССП). Пра гэта паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення метадалогіі падаткаабкладання арганізацый – начальнік упраўлення спецыяльных рэжымаў падаткаабкладання Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Ірына Луферчык сёння падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА. Ірына Луферчык назвала асноўныя змяненні, якія адбудуцца ў спрошчанай сістэме падаткаабкладання ў наступным годзе. У першую чаргу яна адзначыла змяненне ставак падатку пры ССП. Так, стаўка, якая прымяняецца пры выплаце ПДВ, зніжана з 5% да 3%, а для суб'ектаў, якія не выплачваюць ПДВ, яна паменшана з 7% да 5%. Адначасова скасоўваецца стаўка падатку пры ССП у памеры 15% ад валавога даходу. "Як замяняючая яе стаўка для плацельшчыкаў, якія не выплачваюць ПДВ, з колькасцю работнікаў не больш за 15 чалавек і валавой выручкай, якая не перавышае Br4,1 млрд., уведзена 3-працэнтная стаўка, якая будзе прымяняцца да выручкі ад рэалізацыі ў рознічным гандлі набытых тавараў", - удакладніла прадстаўнік МПЗ. Паводле яе слоў, вынікам гэтых змяненняў стала ўстанаўленне адзінай падатковай базы у выглядзе валавой выручкі, а таксама скарачэнне колькасці ставак падатку пры ССП з шасці да чатырох, што не толькі паменшыць падатковую нагрузку пры прымяненні спрошчанай сістэмы, але і спрасціць адміністраванне падатку. Яшчэ адно новаўвядзенне - павелічэнне крытэрыяў валавой выручкі з Br3,4 млрд. да Br8,2 млрд. і колькасці работнікаў з 15 да 50 чалавек для прымянення спрошчанай сістэмы без выплаты ПДВ. Таксама з Br3,4 млрд. да Br4,1 млрд. павялічаны крытэрый валавой выручкі для жадаючых весці ўлік у кнізе ўліку даходаў і расходаў. "У якасці трэцяга змянення варта адзначыць увядзенне абавязку для плацельшчыкаў падатку пры ССП пры наяўнасці абставін, вызначаных Падатковым кодэксам, выплачваць маёмасныя падаткі", - падкрэсліла Ірына Луферчык. Апошняе істотнае змяненне ў спрошчанай сістэме падаткаабкладання адносіцца да парадку вылічэння падатковай базы. Як растлумачыла эксперт, арганізацыі, якія вядуць бухгалтарскі ўлік, будуць вызначаць выручку па прынцыпе налічэння, а суб'екты, якія ажыццяўляюць улік у кнізе ўліку даходаў і расходаў, - па прынцыпе аплаты.