У Беларусі спрошчаны ўмовы для паступлення ў ссузы выпускнікоў 9-х і 11-х класаў, паведаміў журналістам начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандр Лашук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Беларусі спрошчаны ўмовы для паступлення ў ссузы выпускнікоў 9-х і 11-х класаў, паведаміў журналістам начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандр Лашук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лашук адзначыў, што правілы прыёму ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі змяніліся нязначна. Што тычыцца 9-класнікаў і 11-класнікаў, то для іх спрошчаны некаторыя ўмовы. Раней у дачыненні да часткі з іх распаўсюджвалася абмежаванне - трэба было мець у атэстаце мінімум 4 балы па рускай (беларускай) мове і профільным прадмеце. Цяпер абмежаванне ў дачыненні да рускай (беларускай) мовы знята, яно засталося толькі па профільным прадмеце.
Навацыя распаўсюджваецца на выпускнікоў 9-х класаў, якія будуць паступаць на спецыяльнасці, конкурс па якіх летась склаў 3 і больш чалавек на месца, а таксама на 11-класнікаў пры паступленні на спецыяльнасці з конкурсам у 2016-м - 1,5 і менш чалавек на месца.
Зменамі ў правілы прыёму таксама прадугледжана дадатковая магчымасць для залічэння маладых людзей: выпускнікі 11-х класаў, якія не прайшлі па конкурсе ў бягучым годзе, маюць магчымасць быць залічанымі на вакантныя месцы ў групы на базе 9-х класаў, набраныя год таму. Аляксандр Лашук звярнуў увагу, што гэта магчыма толькі пры ўмове, калі ў такіх групах ёсць вакантныя месцы. Акрамя таго, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі прадугледжана магчымасць здачы трох ЦТ, хоць для паступлення бяруцца пад увагу два сертыфікаты. Гэта ўведзена для таго, каб пашырыць магчымасць выбару спецыяльнасці. Умовы па здачы ЦТ такія ж, як і ў ВНУ.
У цэлым, па словах начальніка ўпраўлення, гэтыя ўмовы палягчаюць магчымасць маладым людзям паступіць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.