17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі спросцяць санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні для арганізацый, якія займаюцца вытворчасцю харчовых канцэнтратаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык аддзела гігіены харчавання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіены Васіль Цыганкоў.
Спецыялісты Міністэрства аховы здароўя выключылі з правіл умовы, якія не адносяцца да пытанняў санітарыі: патрабаванні ўзгаднення розных стадый вытворчасці, пачынаючы з будаўніцтва, а таксама залішнюю дэталізацыю санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, у тым ліку да вытворчых, дапаможных і бытавых памяшканняў, абсталявання, тэхналогій вытворчасці, матэрыялаў, транспарціроўкі, захоўвання, у частцы, якая не пагаршае бяспеку сыравіны і гатовай прадукцыі.
Па словах Васіля Цыганкова, такія новаўвядзенні не паўплываюць на санітарныя ўмовы, а толькі палегчаць працу вытворцаў, садзейнічаючы стварэнню спрыяльнага інвестыцыйнага клімату.
Новыя правілы зацверджаны пастановай Мінздароўя Беларусі ад 6 верасня 2012 года №136 і ўступяць у сілу праз 15 рабочых дзён пасля падпісання. У гэтым годзе ў Беларусі ўжо спросцілі санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні для арганізацый, якія вырабляюць мяса і мясную прадукцыю, этылавы спірт з харчовай сыравіны, гарэлку і лікёра-гарэлачныя вырабы, піва і безалкагольныя напоі, маслатлушчавую прадукцыю, птушкапрадукцыю, малако, чай, марожанае, хлеб, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы. Таксама спрошчаны санітарныя патрабаванні для гандлёвых аб'ектаў грамадскага харчавання. Усе санітарныя нормы прыведзены ў адпаведнасць з законам ад 7 студзеня 2012 года "Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва".-0-
БЕЛТА
У Беларусі спросцяць санітарныя патрабаванні для вытворцаў харчовых канцэнтратаў
17.9.20120 праглядаў