У Беларусі ўстаноўлены кантроль практычна над усімі псіхатропнымі рэчывамі, якія з'яўляюцца ў наркаабароце, заявіла ў эфіры СТБ намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Кацярына Шэлегава, паведамляе БЕЛТА.
"Тут ужо напрацавана схема не толькі намі, але і Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз. Выдатна ведаеце тую сітуацыю, якая развівалася пачынаючы з 2012 года, калі ў нас непадкантрольныя псіхатропныя рэчывы літаральна запаланілі ўсю Беларусь. Тады мы знайшлі спосаб усталяваць кантроль практычна над усімі псіхатропнымі рэчывамі, якія з'яўляюцца ў наркаабароце. На сённяшні дзень 98% усіх рэчываў у нас забаронены. Нават тыя рэчывы, якія з'яўляюцца ў нас на тэрыторыі, ужо ўнесены ў Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя", - распавяла Кацярына Шэлегава.
Яна звярнула ўвагу на тэндэнцыі змены структуры наркарынку: "Першапачаткова ў нас пераважалі наркотыкі расліннага паходжання - макавая саломка. Як толькі з'явіўся дэкрэт №1, наркасыравінная база, якая выкарыстоўвалася для вырабу ацэтыляванага опію, экстракцыйнага опію, пачала замяшчацца наркотыкамі сінтэтычнага паходжання. Як толькі з'явілася такая тэндэнцыя непадкантрольных сінтэтычных рэчываў, мы адрэагавалі заканадаўствам і ўстанавілі кантроль практычна над усімі сінтэтычнымі наркотыкамі, якія з'яўляюцца ў абароце. Сёння мы бачым тэндэнцыю змены каньюнктуры наркарынку: пераважаюць пры канфіскацыі гашыш, марыхуана, калі казаць пра сінтэтычныя рэчывы, то гэта альфа-PVP, мефедрон, амфетамін".
Кацярына Шэлегава таксама распавяла пра незвычайныя месцы закладак. Паводле яе слоў, супрацоўнікам удавалася выяўляць наркотыкі нават у цыбульнай шалупінні, вопратцы, вымачанай у растворы гераіну. Не так даўно быў выпадак, калі перавозілі какаін у бутэльцы з-пад рому. "Гэта не кажучы пра тыя тайнікі, якія абсталююць у аўтамабілях. Напрыклад, у бензабаку правозілі буйную партыю гашышу ў Мінску ў красавіку мінулага года", - дадала прадстаўніца МУС.