27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўстаноўлены памеры надбавак за рэалізаваную сельскагаспадарчую прадукцыю. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў №53 ад 22 студзеня 2014 года, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Згодна з дакументам, са сродкаў мясцовых бюджэтаў будуць выплачвацца надбаўкі за рэалізаваныя малако і трасту ільну-даўгунца. Пры гэтым удакладняецца, што гаворка ідзе пра малако і трасту ільну-даўгунца, рэалізаваныя арганізацыям, якія ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па апрацоўцы (перапрацоўцы) сельскагаспадарчай прадукцыі, і (або) накіраваныя арганізацыямі-вытворцамі ў апрацоўку (перапрацоўку).
Надбаўка за 1 т рэалізаванага малака базавай тлустасці (без падатку на дададзеную вартасць) устаноўлена ў памеры Br340 тыс., за 1 т трасты ільну-даўгунца (у залежнасці ад нумара - №1, №1,25, №1,5, №1,75 і вышэй) - адпаведна Br735 тыс., Br925 тыс., Br1 млн 110 тыс., Br1 млн 300 тыс.
Выплата надбавак будзе ажыццяўляцца сельскагаспадарчым арганізацыям, у тым ліку сялянскім (фермерскім) гаспадаркам, а таксама арганізацыям, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць па вытворчасці (вырошчванню, развядзенню) сельскагаспадарчай прадукцыі, ільнозаводам.
У адпаведнасці з пастановай, аблвыканкамы ў межах сродкаў мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на ажыццяўленне бягучай дзейнасці, звязанай з сельскагаспадарчай вытворчасцю, маюць права праводзіць дыферэнцыяцыю памераў надбавак у залежнасці ад вызначанай ва ўстаноўленым парадку кадастравай ацэнкі сельскагаспадарчых земляў сельскагаспадарчага прызначэння.
Надбаўкі, якія выплачваюцца за рэалізаванае малако, будуць выкарыстоўвацца для набыцця мінеральных угнаенняў, уключаючы выдаткі па іх дастаўцы і затраты абслугоўваючых арганізацый, гаруча-змазачных матэрыялаў і пагашэння запазычанасці па іх; за рэалізаваную трасту ільну-даўгунца - для набыцця мінеральных угнаенняў, гаруча-змазачных матэрыялаў, трасты ільну-даўгунца, энергетычных рэсурсаў, выплаты заработнай платы работнікам, занятым на вырошчванні і ўборцы ільну-даўгунца, пагашэння запазычанасці па іх, а таксама пагашэння крэдытаў банкаў, атрыманых на ўказаныя мэты, і працэнтаў па іх.
Аблвыканкамам даручана ва ўстаноўленым парадку вызначыць парадак выплаты надбавак.