16 студзеня, Мінск /Таццяна Грыгоровіч - БЕЛТА/. Сістэма рэалізацыі мэтавых задач сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год зацверджана ў Беларусі. Савет Міністраў прыняў адпаведную пастанову №17 ад 13 студзеня 2014 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўрадзе. Дакумент распрацаваны ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта №585 ад 31 снежня 2013 года.

Як адзначылі ва ўрадзе, эканамічная палітыка ў 2014 годзе будзе накіравана на павышэнне дабрабыту насельніцтва за кошт збалансаванага эканамічнага росту, структурнага рэфармавання і павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі краіны, стварэння новых працоўных месцаў.

Прынятай пастановай зацверджаны якасныя мэтавыя паказчыкі эканамічнага развіцця на бягучы год для ацэнкі работы на ўсіх узроўнях кіравання. Разам з мэтавымі параметрамі зацверджаны і індыкатыўныя. Як даручыў кіраўнік дзяржавы, усе паказчыкі маюць квартальную разбіўку. Так, у вычарпальны пералік паказчыкаў, якія могуць быць даведзены дзяржаўным арганізацыям, зацверджаны дадзенай пастановай, увайшлі экспарт тавараў, экспарт паслуг, суадносіны экспарту тавараў і аб'ёму прамысловай вытворчасці, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг на аднаго сярэдне-спісачнага работніка, рэнтабельнасць продажаў, энергазберажэнне. Давядзенне іншых паказчыкаў не дапускаецца.

Павышэнне канкурэнтаздольнасці айчынных прадпрыемстваў плануецца забяспечыць за кошт іх рэструктурызацыі, скарачэння невытворчых затрат, прыцягнення прыватных інвестараў. Для гэтага ў 2014 годзе на ключавых прадпрыемствах рэспублікі будуць укаранёны сістэмы кіравання рэсурсамі, аптымізавана колькасць персаналу. Невытворчыя актывы прадпрыемстваў прадугледжваецца перадаць з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную, асобныя непрафільныя функцыі і падраздзяленні перавесці на аўтсорсінг. Пастановай даведзены заданні па прыцягненні ПЗІ ад стварэння новых вытворчасцей і прыцягнення інвестараў у дзеючыя.

Прадугледжана стварэнне новых арганізацый у вытворчай сферы, пераразмеркаванне працоўных рэсурсаў у новыя перспектыўныя сектары эканомікі. Адпаведнае даручэнне па стварэнні такіх арганізацый з колькасцю не менш за 15 чалавек з разліку адна арганізацыя на 10 тыс. жыхароў раёна дадзена старшыням аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.