Для ўстаноў культуры і адукацыі Беларусі павялічаны мэтавы паказчык па колькасці набываемых музычных інструментаў. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 20 лістапада бягучага года №776, якой уносяцца змяненні ў дзяржаўную праграму "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Да 2020 года неабходна набыць не менш за 2440 прадметаў (у папярэдняй рэдакцыі дзяржпраграмы - 2120) для абнаўлення фонду арганізацый. Разам з тым зменшаны мэтавы паказчык з 17,3% да 10,2% па долі адрамантаваных і адноўленых музычных інструментаў. Скарэкціраваны нормы фінансавага забеспячэння.
Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады ўключае падпраграмы "Спадчына", "Мастацтва і творчасць", "Нацыянальныя архівы Беларусі" і "Беларусы ў свеце". Яна зацверджана пастановай Савета Міністраў ад 4 сакавіка 2016 года №180. Мэтамі дзяржпраграмы з'яўляюцца захаванне гістарычнай памяці беларускага народа, яго нацыянальна-культурнай самабытнасці і традыцый, актыўнае прыцягненне грамадзян да культурнага жыцця краіны, рэалізацыя творчага патэнцыялу нацыі, забеспячэнне якаснага фарміравання, захаванасці і выкарыстання дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду як часткі інфармацыйнага рэсурсу Беларусі, а таксама садзейнічанне захаванню нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларускай дыяспары.
Крыніцамі фінансавання мерапрыемстваў з'яўляюцца сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, уласныя сродкі арганізацый. Агульны аб'ём сродкаў, неабходных на рэалізацыю дзяржпраграмы, складае Br3 млрд 107,5 млн (у новай рэдакцыі дакумента).