У Беларусі павялічваецца колькасць арганізацый, якія прымяняюць гнуткія сістэмы аплаты працы. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Так, калі на 1 студзеня бягучага года новыя сістэмы аплаты працы, якія ўвязаны з эфектыўнасцю дзейнасці, прымянялі 2 тыс. 224 арганізацыі, або 83,3% ад агульнай колькасці арганізацый, па якіх праводзіцца маніторынг (3 тыс. арганізацый), то на 1 кастрычніка - ужо 2 тыс. 493 арганізацыі, або 95,7%. Найбольш распаўсюджанай сістэмай аплаты працы з'яўляецца прымяненне тарыфнай сеткі, распрацаванай у арганізацыі, а таксама камісійная сістэма аплаты працы.
Па словах спецыялістаў, удзельная вага арганізацый камунальнай формы ўласнасці, якія прымяняюць гнуткія сістэмы аплаты працы, дасягнула 100% у большасці рэгіёнаў рэспублікі, за выключэннем Брэсцкай вобласці (85,9%) і Мінска (67,5%). За студзень-верасень колькасць арганізацый камунальнай формы ўласнасці, якія прымяняюць гнуткія сістэмы аплаты працы, павялічылася на 12,1%.
Дыферэнцыяцыя сярэдняй заработнай платы ў студзені-верасні гэтага года па відах эканамічнай дзейнасці - 6,7 раза (дзейнасць, звязаная з вылічальнай тэхнікай, - Br26 млн 541 тыс., прадастаўленне сацыяльных паслуг - Br3 млн 941,7 тыс.); міжрэгіянальная дыферэнцыяцыя - 1,58 раза (Мінск - Br8 млн 980,5 тыс., Брэсцкая вобласць - Br5 млн 685,2 тыс.).
Намінальная налічаная заработная плата ў рэспубліцы ў студзені-верасні 2015 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2014 года павялічылася на 10,7% да Br6 млн 625,4 тыс., у тым ліку ў верасні - Br6 млн 863 тыс. ($389,4 у эквіваленце). Рэальная заработная плата па рэспубліцы ў студзені-верасні 2015 года да ўзроўню студзеня-верасня 2014 года склала 96,9%.
Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў бюджэтных арганізацый у студзені-верасні гэтага года ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам узрасла на 19,6% да Br5 млн 242,6 тыс., у тым ліку ў верасні сярэдняя зарплата бюджэтнікаў склала Br5 млн 299,6 тыс. Рэальная заработная плата работнікаў бюджэтных арганізацый у студзені-верасні 2015 года склала 104,7%.