10 снежня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. У Беларусі ў 2014 годзе прапануецца павялічыць стаўкі акцызаў на ўсе групы падакцызных тавараў. Гэта прадугледжана праектам закона "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год", які 9 снежня паступіў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі і размешчаны на сайце беларускага парламента, паведамляе БЕЛТА.
У прыватнасці, у 2014 годзе прапануецца павысіць стаўкі акцызаў на моцны алкаголь у цэлым на 27,3% (з 1 студзеня - на 14,5%, з 1 ліпеня - на 11,1%), віно пладовае крэпленае - на 75,1% (з 1 студзеня - на 36,1%, з 1 ліпеня - на 28,7%), іншыя віды алкагольнай прадукцыі, у тым ліку піва, - у сярэднім на 20% (з 1 студзеня - на 13-15%, з 1 ліпеня - на 6-7%).
На тытунёвыя вырабы прапанавана павялічыць стаўкі акцызаў на 24-38% з захаваннем трох цэнавых сегментаў цыгарэт з фільтрам, што забяспечыць большую падатковую нагрузку на цыгарэты больш высокіх цэнавых сегментаў. На цыгарэты ніжэйшага цэнавага сегмента прырост стаўкі складзе 24,5%, сярэдняга - 33,9%, вышэйшага - 38,4%.
Стаўкі акцызаў на аўтамабільнае паліва прапануецца павялічыць у сярэднім на 14,5% з дыферэнцыяцыяй ставак акцызаў на бензіны аўтамабільныя і дызельнае паліва ў залежнасці ад іх экалагічнага класа (зніжэнне ставак акцызаў з ростам экалагічнага класа) замест утрымання актанавага ліку, што будзе стымуляваць вытворчасць высокакласнага аўтамабільнага паліва.
На астатнія групы падакцызных тавараў стаўкі акцызаў плануецца павялічыць у сярэднім на 20% (з 1 студзеня - у сярэднім на 14,5%, з 1 ліпеня - у сярэднім на 5-6%), што ўлічвае параметры, прадугледжаныя планам сумеснымі дзеяннямі ўрада і Нацыянальнага банка па структурным рэфармаванні і павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі.
Акрамя таго, прапануецца ўвесці аналаг транспартнага падатку, які спаганяецца ў іншых краінах з уладальнікаў транспартных сродкаў, - дзяржаўную пошліну за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.
Зыходзячы з колькасці зарэгістраваных транспартных сродкаў, а таксама колькасці транспартных сродкаў, якія прайшлі дзяржаўны тэхнічны агляд у 2012 годзе, паступленні ў бюджэт у 2014 годзе ацэньваюцца ў Br1,6 трлн.
Як чакаецца, законапраект аб бюджэце будзе разгледжаны ў Палаце прадстаўнікоў у бліжэйшы час.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)