24 кастрычніка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Стогадовы рубеж пераадолелі 665 жыхароў Беларусі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах ветэранаў і пажылых людзей Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Ермаковіч.
Сярод рэгіёнаў рэспублікі традыцыйны лідар па колькасці даўгажыхароў - Гродзенская вобласць: тут на 1 кастрычніка налічвалася 156 чалавек ва ўзросце старэйшыя за 100 гадоў. На другой пазіцыі ў гэтым геранталагічным рэйтынгу па-ранейшаму Мінская вобласць (112), на трэцяй - Брэсцкая (98). На Гомельшчыне пражываюць 82 чалавекі, якія ўжо адзначылі свой векавы юбілей, у Віцебскай вобласці - 80, у Магілёўскай - 70. А сталіца - на апошнім месцы: нягледзячы на самую вялікую колькасць насельніцтва, у Мінску менш за ўсё жыхароў ва ўзросце 100 гадоў і старэйшыя (толькі 67).
Прадстаўніцы слабага полу традыцыйна пераважаюць сярод беларускіх даўгажыхароў. Так, 100-гадовую планку перасягнулі 566 жанчын і 99 мужчын. А ва ўзроставай групе старэйшыя за 110 гадоў - наогул толькі адны жанчыны (іх 16), сярод іх дзве перасягнулі 115-гадовы рубеж.-0-
БЕЛТА
У Беларусі векавы рубеж пераадолелі 566 жанчын і 99 мужчын
24.10.20100 праглядаў