У Беларусі ўзрастае пенсійная нагрузка на працаздольнае насельніцтва. Пра гэта паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кухарэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Беларусі ўзрастае пенсійная нагрузка на працаздольнае насельніцтва. Пра гэта паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кухарэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асноўнай тэндэнцыяй змены ўзроставай структуры насельніцтва з'яўляецца павелічэнне долі насельніцтва ва ўзросце старэйшым за працаздольны (у жанчын - 55 гадоў, у мужчын - 60 гадоў) і памяншэнне ва ўзросце малодшым за працаздольны (0-15 гадоў). Колькасць людзей старэйшых за працаздольны ўзрост у агульнай колькасці насельніцтва расце больш хуткімі тэмпамі, чым колькасць людзей малодшых за працаздольны ўзрост", - адзначыла Алена Кухарэвіч.

У краіне на пачатак 2015 года колькасць асоб малодшых за працаздольны ўзрост склала 1,6 млн чалавек (за мінулы год яна павялічылася на 30,1 тыс. чалавек). Колькасць насельніцтва старэйшых за працаздольны ўзрост на пачатак бягучага года дасягнула 2,3 млн чалавек (за 2014 год яна павялічылася на 45,7 тыс. чалавек). Сёння амаль кожны чацвёрты жыхар рэспублікі - старэйшы за працаздольны ўзрост, у той час як у 2000 годзе ім быў амаль кожны пяты, канстатавала прадстаўнік Белстата.

Доля насельніцтва ў працаздольным узросце па-ранейшаму досыць вялікая, хоць назіраецца тэндэнцыя памяншэння. На пачатак бягучага года колькасць гэтай узроставай групы насельніцтва склала 5,6 млн чалавек (58,6% ад агульнай колькасці насельніцтва) і за год паменшылася на 63 тыс. чалавек.

"Праблематычнай у будучыні бачыцца сітуацыя з папаўненнем працоўных рэсурсаў, - лічыць Алена Кухарэвіч. - Гэта абумоўлена тым, што ў працаздольны ўзрост будуць уступаць малалікія групы дзяцей, народжаных у канцы 1990-х - пачатку 2000-х гадоў". На пачатак гэтага года колькасць 15-гадовых падлеткаў, якія праз год дасягнуць працаздольнага ўзросту, склала 91 тыс., а людзей, якія выбываюць з гэтага ўзросту (59-гадовыя мужчыны і 54-гадовыя жанчыны), налічваецца 142 тыс.

У далейшым дыспрапорцыя яшчэ больш узмацніцца: колькасць дзяцей, якія знаходзяцца зараз ва ўзросце 10-14 гадоў, складае 443 тыс., а колькасць насельніцтва прадпенсійнага ўзросту (5 гадоў да выхаду на пенсію) - 720 тыс. чалавек.