У Беларусі ВНУ першага патоку адкрылі дзверы для абітурыентаў
9.7.20100 праглядаў
9 ліпеня, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. ВНУ першага патоку сёння пачалі прыём дакументаў ад абітурыентаў. Як паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кансультант аддзела вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Марыя Карпенка, сертыфікаты ЦТ гэтыя абітурыенты ўжо атрымалі, тыя, хто прайшоў ЦТ у рэзервовы дзень, атрымаюць іх сёння і адразу ж могуць падаць дакументы ў ВНУ.
ВНУ ўжо паведамілі абітурыентам аб тым, колькі ў гэтым годзе яны набіраюць студэнтаў на першы курс дзённага бюджэтнага аддзялення і аб іншых умовах навучання. Гэтая інфармацыя размешчана на дошках аб'яў у ВНУ і на афіцыйных сайтах устаноў. Такім чынам, ВНУ Мінкультуры плануюць прыняць 1 тыс. 45 абітурыентаў. З іх на дзённае бюджэтнае аддзяленне паступяць 725 першакурснікаў, на завочнае бюджэтнае - 320 абітурыентаў. Так, напрыклад, у гэтым годзе на дзённую бюджэтную форму навучання Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў плануе прыняць 120 чалавек, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі - 196 чалавек (уключаючы ўсе філіялы), а на дзённай бюджэтнай форме навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў будуць навучацца 409 чалавек.
ВНУ Міністэрства ўнутраных спраў плануюць прыняць 1 тыс. 190 першакурснікаў. З іх на дзённае бюджэтнае аддзяленне паступяць 735 чалавек, на завочнае - 455 абітурыентаў. Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў у гэтым годзе плануе прыняць на дзённую бюджэтную форму навучання 635 чалавек, а Магілёўскі вышэйшы каледж МУС - для атрымання вышэйшай адукацыі 100 чалавек. У Ваенную акадэмію Беларусі, якая навучае курсантаў толькі на дзённай бюджэтнай форме, паступяць 633 абітурыенты. А ВНУ МНС (Камандна-інжынерны інстытут МНС і Гомельскі інжынерны інстытут МНС) плануюць набраць 255 курсантаў. З іх на дзённае бюджэтнае аддзяленне - 135, а на завочнае - 120. У Інстытуце памежнай службы Беларусі ў гэтым годзе будуць навучацца 100 чалавек.
На ўмовах аплаты ў ВНУ Мінкультуры паступяць 1 тыс. 56 абітурыентаў. З іх - 547 на дзённае аддзяленне і 509 на завочнае. ВНУ МНС таксама набіраюць "платнікаў". У гэтым годзе аплаціць сваё навучанне будзе прапанавана 430 абітурыентам. З іх 110 чалавек атрымаюць магчымасць вучыцца на дзённым аддзяленні, а 320 - на завочным. У ВНУ МУС і Ваеннай акадэміі Беларусі платнага навучання няма.
У гэтым годзе дакументы на ўсе формы атрымання адукацыі ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў, Ваенную акадэмію, Камандна-інжынерны інстытут МНС, Гомельскі інжынерны інстытут МНС абітурыенты будуць падаваць з 9 па 15 ліпеня. Тыя, хто вытрымае ўступныя выпрабаванні, але не пройдзе па конкурсе на дзённую бюджэтную форму атрымання адукацыі, маюць права ўдзельнічаць у конкурсе ў гэтай жа ВНУ на завочную і вячэрнюю бюджэтныя формы атрымання адукацыі. Перанакіраваць дакументы можна будзе да 21 ліпеня. Тыя, хто вытрымае ўступныя выпрабаванні, але не пройдзе па конкурсе на бюджэтную форму навучання, могуць падаць дакументы на платнае аддзяленне да 23 ліпеня.
Акрамя ВНУ сілавых ведамстваў, да ВНУ першага патоку аднесены Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Абітурыенты змогуць падаць дакументы на дзённую бюджэтную форму навучання ў гэтыя навучальныя ўстановы з 9 па 13 ліпеня. На завочную і вячэрнюю (бюджэт) – да 25 ліпеня. На платныя аддзяленні – да 27 ліпеня.
У ВНУ сілавых ведамстваў уступныя выпрабаванні пройдуць з 16 па 19 ліпеня. Уступныя выпрабаванні ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў пройдуць з 14 па 23 ліпеня. У гэтым годзе залічэнне абітурыентаў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі будзе ажыццяўляцца па конкурсе на аснове сумы наступных ацэнак: балы за кожны этап уступнага выпрабавання па прадмеце "творчасць" плюс бал, атрыманы пры складанні балаў за цэнтралізаванае тэсціраванне і сярэдняй ацэнкі дакумента аб адукацыі. Гэта дае перавагі пры паступленні творча адораным маладым людзям перад проста стараннымі і прылежнымі абітурыентамі, лічыць Марыя Карпенка.
Залічэнне ў ВНУ сілавых ведамстваў на месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму, на дзённую форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту пройдзе да 20 ліпеня, на завочную і вячэрнюю (бюджэт) – да 22 ліпеня, на ўмовах аплаты – да 24 ліпеня. Залічэнне на дзённае бюджэтнае аддзяленне ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў пройдзе да 24 ліпеня, на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту – да 26 ліпеня, на ўмовах аплаты – да 28 ліпеня.Згодна з правіламі прыёму, усе астатнія ВНУ Беларусі будуць прымаць дакументы на ўсе формы атрымання адукацыі з 16 па 25 ліпеня (на ваенныя факультэты – з 16 па 23 ліпеня). Нагадаем, сёлета абітурыенты могуць выбіраць з 55 вышэйшых навучальных устаноў: 45 дзяржаўнай формы ўласнасці і 10 – прыватнай. На ўсе формы атрымання адукацыі ў ВНУ запланавана прыняць 102,7 тыс. чалавек, што на 4,9 тыс. студэнтаў больш, чым у 2009 годзе.-0-
БЕЛТА