У Беларусі ўводзіцца дыферэнцыраваная аплата за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення
30.9.20110 праглядаў
30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўводзіцца дыферэнцыраваная аплата за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў ад 28 верасня 2011 года №1300, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Дадзены дакумент уносіць змяненні ў пастанову Саўміна ад 25 жніўня 1999 года №1332 і ад 1 лютага 2011 года №138.
Пастановай прадугледжваецца спагнанне платы за паслугі водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі) з грамадзян, якія пражываюць у кватэрах (жылых дамах), абсталяваных прыборамі індывідуальнага ўліку расходу вады, па тарыфах, устаноўленых заканадаўствам Беларусі, у межах аб'ёмаў водаспажывання на аднаго пражываючага (зарэгістраванага па месцы жыхарства) 140 л у суткі.
Плата за паслугі водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі), спажытыя звыш устаноўленага аб'ёму, спаганяецца па ўстаноўленых тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне.
Як адзначылі ў прэс-службе, увядзенню дадзенай нормы папярэднічаў праведзены аналіз спажывання вады ў Беларусі. Ён паказаў, што фактычнае ўдзельнае спажыванне вады ў добраўпарадкаваным жыллёвым фондзе, абсталяваным прыборамі індывідуальнага ўліку расходу вады, склала ў 2010 годзе па Мінску і абласных цэнтрах 153 л на чалавека ў суткі. Па населеных пунктах з колькасцю насельніцтва больш за 50 тыс. чалавек дадзены паказчык дасягае 141 л на чалавека ў суткі і гэта наблізілася да паказчыкаў развітых еўрапейскіх краін. У Германіі, Францыі, Швецыі гэты паказчык складае 130-140 л на чалавека ў суткі.
Устаноўленая норма не супярэчыць пастанове Савета Міністраў ад 30 мая 2003 года №724 "Аб мерах па ўкараненні сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва рэспублікі", якой зацверджаны стандарты па норме забеспячэння насельніцтва вадой, а не па яе аплаце.
Увядзенне дыферэнцыраванай аплаты за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення прывядзе да эканоміі гэтых паслуг самім насельніцтвам і адпаведна зніжэння аб'ёмаў іх рэалізацыі на 6-6,5% (21-22 млн.куб.м вады), што адпавядае аб'ёму спажывання абласнога цэнтра, такога як Магілёў, Гродна, Віцебск.
Таксама пастановай №1300 павышаны дзеючыя тарыфы на паслугі па тэхнічным абслугоўванні жылых дамоў - на 3%, на цеплавую энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння - на 3,2% і на электрычную энергію - на 15%.
Такім чынам, плацяжы сям'і з трох чалавек, якая пражывае ў тыпавой двухпакаёвай кватэры, за жыллёва-камунальныя паслугі ў ацяпляльны перыяд узрастуць на Br8,1 тыс., адзначылі ў прэс-службе ўрада.-0-
БЕЛТА