Каля 25,7 млн дрэў высаджана ў Беларусі падчас акцыі "Тыдзень лесу", якая прайшла з 14 па 21 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Каля 25,7 млн дрэў высаджана ў Беларусі падчас акцыі "Тыдзень лесу", якая прайшла з 14 па 21 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Агульная плошча стварэння лясных культур перавысіла 6,7 тыс. га. Асноўнымі лесаўтваральнымі пародамі сталі хвоя і бяроза.
Сёлета акцыя "Тыдзень лесу" прайшла ўжо 11-ы раз. У мерапрыемстве традыцыйна актыўны ўдзел прымаюць прадстаўнікі бізнесу, грамадскіх арганізацый, спартыўных аб'яднанняў, школ. Акцыю шырока падтрымліваюць кіраўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, кантралюючых органаў, дэпутацкі корпус. Прыняць удзел у акцыі мог кожны ахвотны. Для гэтага дастаткова было звярнуцца ў бліжэйшы лесгас або лясніцтва, дзе валанцёрам выдавалі неабходны інвентар і пасадачны матэрыял. Сёлета лесагаспадарчыя ўстановы арганізавалі работы на 2,8 тыс. аб'ектах. Акрамя пасадкі лесу грамадзяне змаглі паўдзельнічаць ва ўборцы смецця, добраўпарадкаванні месцаў масавага адпачынку. У ходзе акцыі да вясенне-летняга сезона быў падрыхтаваны 221 аб'ект.
Апошні дзень акцыі сёлета супаў з правядзеннем рэспубліканскага суботніка. Калі за працоўны тыдзень да акцыі далучыліся 52 тыс. беларусаў, то ў яе заключны дзень пасадкай лесу і ўборкай смецця ў лясным фондзе заняліся яшчэ 31,2 тыс. спецыялістаў лясной гаспадаркі. Такім чынам, у лесааднаўленні і навядзенні парадку прынялі ўдзел звыш 83 тыс. чалавек. Заключны дзень акцыі падтрымала сваім удзелам таксама кіраўніцтва Савета Міністраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства замежных спраў і іншых ведамстваў.
"Міністэрства лясной гаспадаркі выказвае словы падзякі ўсім неабыякавым беларусам, якія прынялі ўдзел у акцыі", - адзначылі ў прэс-службе.
Як паведамлялася, Тыдзень лесу-2018 быў прымеркаваны да Года малой радзімы і прысвечаны аднаўленню лясоў, пашкоджаных у выніку масавага распаўсюджвання насякомых-шкоднікаў у 2017 годзе. Галоўнай мэтай мерапрыемства стала прыцягненне шырокай увагі грамадскасці да праблем ляснога фонду, папулярызацыя беражлівых адносін да аднаго з галоўных прыродных рэсурсаў краіны, узмацненне экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў.