У Беларусі забаронена купанне ў 31 месцы масавага адпачынку насельніцтва
19.8.20120 праглядаў
19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі забаронена купанне ў 31 месцы масавага адпачынку насельніцтва. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
У спіс забароненых трапіў пляж на рацэ Дняпро, размешчаны ва ўрочышчы Падызвоз (горад Лоеў Гомельскай вобласці), а таксама гарадскі пляж на рацэ Дняпро (горад Шклоў Магілёўскай вобласці). У Гродзенскай вобласці нельга купацца ў возеры аграгарадка Гурнофель Шчучынскага раёна, у Мінскай - у вадаёме санаторыя "Сасновы бор" Маладзечанскага раёна.
У спіс часова неспрыяльных для купання ўнесены пятнаццаць вадаёмаў. У Брэсцкай вобласці ў спіс трапілі пляжы рэк Шчара (вёска Дарава, Ляхавіцкі раён), Ведьма (у Ляхавічах), Лясная (у Каменцы), зоны адпачынку ля ракі Чаква (вёска Рубель, Столінскі раён), пляжы санаторыяў "Надзея" і "Буг" (Жабінкаўскі раён), гарадскі пляж на рацэ Мухавец у горадзе Жабінка, пляжы "Цэнтральны", "Усход" і пляж па вул. Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Брэсце. Таксама небяспечнымі з'яўляюцца возера Юбілейнае і пляж "Цэнтральны" у Гродне, пляж "Санаторыя ім. Леніна" Бабруйскага раёна і гарадскія пляжы №1 і №2 у горадзе Бабруйску Магілёўскай вобласці.
Акрамя таго, у дванаццаці зонах адпачынку абмежавана купанне для дзяцей. Так, у Брэсцкім раёне для дзяцей закрыты пляж на Белым возеры і возеры Рагознянскае, пляж на вадасховішчы "Селецкае" Бярозаўскага раёна; у Гомелі – пляжы "Заходні", "Касцюкоўскі", "Навабеліцкі", "Цэнтральны" і пляж возера Любенскае; у Гродзенскай вобласці – возера Малочнае (вёска Парэчча) і сажалка аграгарадка Луцкаўляны, у Брэсцкай – вадаёмы ў вёсцы Хаткі (Баранавіцкі раён) і ў гарадскім парку горада Жабінка.
Прыдатнасць вадаёмаў для культурна-бытавога выкарыстання вызначаецца іх адпаведнасцю патрабаванням і нарматывам, выкладзеным у санітарных нормах, правілах і гігіенічных нарматывах "Гігіенічныя патрабаванні да зместу і эксплуатацыі водных аб'ектаў пры выкарыстанні іх у рэкрэацыйных мэтах", зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя.У СанПіН устаноўлены нарматыў утрымання ў вадзе вадаёмаў бактэрый групы кішэчнай палачкі, пры выкананні якога купанне з'яўляецца бяспечным. Вада не павінна ўтрымліваць узбуджальнікаў захворванняў, жыццяздольных яек гельмінтаў. На паверхні вадаёма не дапускаецца наяўнасць плывучай плёнкі, плям мінеральных маслаў і назапашванняў іншых прымесей. Акрамя таго, вада не павінна мець не ўласцівых ёй пахаў, а ўтрыманне хімічных рэчываў не павінна перавышаць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі.
У купальны сезон кратнасць бактэрыялагічнага даследавання вады з вадаёмаў у месцах масавага адпачынку павялічваецца ў сярэднім да аднаго разу на тыдзень. Пры атрыманні двух паслядоўных незадавальняючых па бактэрыялагічных паказчыках вынікаў аналізаў вады з адной кропкі адбору выносіцца пастанова аб забароне выкарыстання вадаёма ў культурна-бытавых мэтах.-0-
БЕЛТА