"Ахова птушак Бацькаўшчыны" запусціла дыстанцыйны курс па вывучэнні 40 відаў найбольш распаўсюджаных птушак гарадоў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў грамадскай арганізацыі.
"Ахова птушак Бацькаўшчыны" запусціла дыстанцыйны курс па вывучэнні 40 відаў найбольш распаўсюджаных птушак гарадоў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў грамадскай арганізацыі.
Дыстанцыйны курс "Птушкі горада" распрацаваны для тых, хто хоча далучыцца да бёрдвотчынгу - назірання за птушкамі. Каб прайсці курс, трэба зарэгістравацца на ptushki.org/birdsonline. Ён складаецца з чатырох модуляў: "Каля вады", "Каля дома", "У парку", "Узімку". Гэтыя модулі можна праходзіць у любым парадку, пасля чаго будзе адкрыты доступ да фінальнага тэсту. Пры паспяховай здачы чалавек атрымае электронны сертыфікат, які можна раздрукаваць самастойна. У арганізацыі падкрэслілі, што дадзены курс бясплатны.
"Найпрасцей пачаць з тых птушак, якіх чалавек можа бачыць па дарозе дадому, на працу ці вучобу, - і наш курс у гэтым дапаможа, бо ён уключае птушак, якія сустракаюцца амаль у любым горадзе. Трохі тэорыі, праверка ведаў з дапамогай тэстаў і практыка падчас штодзённай шпацыру - простыя крокі насустрач птушкам", - адзначыла кіраўніца аддзела развіцця АПБ Карына Салавей.
Дыстанцыйны курс па асновах бёрдвотчынгу - частка ініцыятывы "Будзь здаровы з птушкамі!", якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, садзейнічанне здароваму ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь" ("БЕЛМЕД"), што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, САЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.