У Беларусі зарэгістравана 330 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў
25.7.20120 праглядаў
25 ліпеня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Акруговыя выбарчыя камісіі Беларусі зарэгістравалі 330 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання. Аб гэтым сёння паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына падчас сустрэчы са старшынёй Выканаўчага камітэта - выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Лідзія Ярмошына адзначыла, што з ліку патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, якія зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы, 66 заявілі аб прыналежнасці да той ці іншай палітычнай партыі. Самую вялікую актыўнасць праявілі тры апазіцыйныя партыі, сказала старшыня ЦВК, не ўдакладніўшы, якія менавіта. Сваіх кандыдатаў вылучылі ў тым ліку Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Кіраўнік ЦВК дадала, што гэта былі нешматлікія вылучэнні, асноўны этап яшчэ наперадзе. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты прадоўжыцца да 15 жніўня.
Характарызуючы ход парламенцкай выбарчай кампаніі, Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу на выпадкі правакацый з боку апазіцыйных сіл, у прыватнасці на спробы зарэгістраваць ініцыятыўныя групы асоб, якія не валодаюць выбарчым правам. Кіраўнік ЦВК звярнула ўвагу, што ніколі яшчэ так масава не ажыццяўлялася вылучэнне па вялікай колькасці выбарчых акруг. "Паміж колькасцю заяў і колькасцю зарэгістраваных ініцыятыўных груп вельмі вялікая розніца. Акруговыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі 85 ініцыятыўных груп, насамрэч размова ідзе толькі аб 15 фізічных асобах, гэта значыць гэта велізарная колькасць ініцыятыўных груп на адну і тую ж асобу", - растлумачыла Лідзія Ярмошына.
Сустрэча старшыні ЦВК Беларусі і старшыні Выканаўчага камітэта - выканаўчага сакратара СНД была прысвечана пытанням, звязаным з адкрыццём і арганізацыяй работы місіі назіральнікаў ад СНД на парламенцкіх выбарах, якую ўзначаліць Сяргей Лебедзеў. Лідзія Ярмошына ўручыла яму пасведчанне назіральніка №1. Яшчэ 12 пасведчанняў былі перададзены для астатніх членаў місіі. Кіраўнік ЦВК падкрэсліла, што назіральнікаў ад СНД у Цэнтрвыбаркаме Беларусі ўспрымаюць як памочнікаў, добразычлівых крытыкаў, якія дапамагаюць палепшыць выбарчы працэс у краіне.
Сергей Лебедзеў у сваю чаргу адзначыў, што місія назіральнікаў ад СНД падчас усіх папярэдніх выбарчых кампаній у Беларусі адчувала падтрымку і з боку ЦВК, і з боку ўсіх тых структур, якія займаюцца выбарчым працэсам. Ён выказаў упэўненасць, што і на гэтых выбарах усе дзверы будуць адкрыты для місіі назіральнікаў ад СНД. "Асноўныя прынцыпы нашай дзейнасці - бесстароннасць, аб'ектыўнасць і неўмяшанне ва ўнутраныя справы краіны, у якой місія ажыццяўляе назіранне", - заключыў старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД.
БЕЛТА