15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Закладка харчавання ў стабілізацыйныя фонды ў Беларусі завершана ва ўстаноўленыя тэрміны. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік упраўлення спажывецкага рынку харчовымі таварамі Мінгандлю Любоў Язепчык. Па многіх пазіцыях запланаваныя пастаўкі прадукцыі раслінаводства перакрытыя на 25-38%. Так, нарыхтавана 106 тыс.т бульбы, што на 38% больш за запланаванае. Не будзе праблем з рэалізацыяй капусты: яе нарыхтавана 53,6 тыс.т (135% плана). Значнае перавыкананне ўстаноўленых заданняў па закладцы на зімовае захоўванне морквы і буракоў: нарыхтавана адпаведна 22,8 тыс.т і 18,3 тыс.т, што складае 125% і 124% плана. Пастаўлена таксама 22,1 тыс.т рэпчатай цыбулі і 17 тыс.т садавіны, што больш за ўстаноўленае заданне на 22% і 13%. План па пастаўках прадукцыі жывёлагадоўлі на міжсезонны перыяд 2011/2012 выкананы ў поўным аб'ёме. На захоўванне адпраўлена 1,7 тыс.т сметанковага масла, 1,1 тыс.т цвёрдых сычужных сыроў, 2160 т сухога малака (яго нарыхтоўваюць толькі арганізацыі Віцебскай і Мінскай абласцей), 1103 т свініны і 1013 т ялавічыны. Як адзначаюць у Мінгандлі, лепш за ўсё з пастаўкамі прадукцыі раслінаводства з рэгіёнаў справіліся нарыхтоўчыя арганізацыі Віцебскай вобласці. Да прыкладу, заданне па пастаўцы бульбы яны перавыканалі ў 3 разы, нарыхтаваўшы 37 тыс.т, роўна адну траціну ад нарыхтаванага аб'ёму ў рэспубліцы. На зімовае захоўванне ў рэгіёне пастаўлена 21 тыс.т капусты, што ў 2,9 раза больш, чым было запланавана. Пастаўкі морквы і буракоў павялічаны ў 3 разы, цыбулі - у 2,6 раза, садавіны - у 1,9 раза. Віцебская вобласць не заўсёды атрымлівае такі высокі ўраджай бульбы і агародніны, як у гэтым годзе, таму ў рэгіёне скарысталіся сітуацыяй і зрабілі запасы больш, чым у мінулыя гады. Цалкам забяспечаны харчовымі рэсурсамі Мінск. Бульбы тут нарыхтавана 30,3 тыс.т (101% плана), капусты - 11,2 тыс.т (100%), морквы - 8,1 тыс.т (101%), буракоў - 5,2 тыс.т (100%), рэпчатай цыбулі - 3,9 тыс.т (102%), садавіны - 6,3 тыс.т (100%). У адпаведнасці з парадкам стварэння стабілізацыйных фондаў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам штогод да 15 лістапада зацвярджаюць гранічныя адпускныя цэны на бульбу і пладаагароднінную прадукцыю на перыяд іх захоўвання і рэалізацыі.-0-

БЕЛТА