У Беларусі расце колькасць нараджэнняў у жанчын ва ўзросце 40-44 гадоў: у маці гэтай узроставай групы ў 2016 годзе нарадзілася звыш 2,2 тыс. дзяцей – у 1,8 раза больш, чым у 2010-м. Такія даныя паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

У Беларусі расце колькасць нараджэнняў у жанчын ва ўзросце 40-44 гадоў: у маці гэтай узроставай групы ў 2016 годзе нарадзілася звыш 2,2 тыс. дзяцей – у 1,8 раза больш, чым у 2010-м. Такія даныя паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Для Беларусі, як і для многіх еўрапейскіх дзяржаў, характэрна тэндэнцыя павелічэння сярэдняга ўзросту жанчын пры нараджэнні першага дзіцяці. Так, у 2010 годзе мамамі першынцаў былі жанчыны ва ўзросце 24,9 года, у 2016-м – 26,3 года.

У Беларусі на 1 студзеня гэтага года колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту склала 2 247,5 тыс., або 44,3% ад агульнай колькасці жанчын. Пачынаючы з 2007 года штогод больш за 100 тыс. жанчын становяцца маці. У 2016-м з'явілася на свет 117,8 тыс. дзяцей, з іх 48,5 тыс. (41,2%) – першынцы. Больш за палову нараджэнняў звязана з нараджэннем другога, трэцяга і наступных дзяцей.

Цікавы той факт, што ўжо некалькі гадоў запар у краіне расце колькасць нараджэнняў двайнят. Так, у 2014 годзе двайняты з'явіліся ў 1 277 мам, у 2015-м – 1 316, у 2016-м – 1 348. У мінулым годзе ў 18 жанчын нарадзіліся тройні.

У Беларусі Дзень маці адзначаецца штогод 14 кастрычніка. У краіне робіцца ўсё для таго, каб жанчыны змаглі ўвасобіць сваё прызначэнне – выгадаваць і выхаваць здаровых і шчаслівых дзяцей. Святкаванне Дня маці спрыяе захаванню і развіццю сямейных каштоўнасцей, умацаванню маральных устояў, устанаўленню больш цеснай сувязі паміж дзецьмі і маці.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)