У Бярэзінскім біясферным запаведніку назіраецца рост колькасці капытных жывёл і стабільна высокая колькасць драпежнікаў. Такія высновы дазволілі зрабіць нядаўнія зімовыя маршрутныя ўлікі.

 У Бярэзінскім біясферным запаведніку назіраецца рост колькасці капытных жывёл і стабільна высокая колькасць драпежнікаў. Такія высновы дазволілі зрабіць нядаўнія зімовыя маршрутныя ўлікі.



Зімовыя маршрутныя ўлікі, падчас якіх падлічваюць колькасць звяроў у запаведніку (капытных, драпежнікаў, зайцаў, куніц, вавёрак), праводзілі ў сярэдзіне лютага. "Па выніках улікаў можна сказаць, што вырасла колькасць капытных жывёл: лася, аленя, касулі. Колькасць касулі нават вырасла ў два разы ў параўнанні з мінулым годам і склала больш за 100 асобін. Адпаведна павялічылася колькасць драпежнікаў - ваўкоў, асноўнай ежай якіх з'яўляюцца касулі. Колькасць ваўка ў нас стабільна высокая штогод, на гэты раз нашы супрацоўнікі налічылі каля 40 асобін", - удакладніла Анастасія Рыжкова.

Пры гэтым работнікі ўстановы адзначаюць агульную тэндэнцыю да павелічэння колькасці капытных, якія пражываюць на тэрыторыі запаведніка. Калі ў мінулым годзе тут назіраўся рост колькасці аленя, то зараз - ужо трох відаў жывёл. Вынік звязваюць з прыдатнымі прыроднымі ўмовамі для павелічэння папуляцый.

"У запаведніку адсутнічае паляванне - гэта таксама фактар, які спрыяльна ўплывае на колькасць і стан папуляцыі. Колькасць капытных рэгулююць драпежнікі (ваўкі, рысі, мядзведзі), гэта значыць прырода сама пра гэта клапоціцца, - дадала Анастасія Рыжкова. - Біятэхнічныя мерапрыемствы мы праводзім на мінімальным узроўні. Падкормка жывёл вядзецца толькі каля назіральнай вышкі, у асноўным туды прыходзяць алені і касулі. Салонцы для мінеральнай падкормкі спецыяльна ўсталёўваем недалёка ад вялікіх дарог, каб жывёлы не выходзілі на саму дарогу па соль, якой пасыпаюць дарожнае пакрыццё. Гэта дазваляе мінімізаваць выпадкі гібелі жывёл у выніку ДТЗ".

Запаведнік славіцца сваёй вялікай еўрапейскай пяцёркай буйных млекакормячых - лось, зубр, мядзведзь, воўк і рысь. Што тычыцца мядзведзяў, то іх колькасцьпаступова расце. Сёння на тэрыторыі прыродаахоўнай установы жыве больш за 70 мядзведзяў. Падчас зімовых маршрутных улікаў адзначана некалькі іх слядоў, што сведчыць аб абуджэнні жывёл пасля спячкі (спрыяла лютаўская адліга). Тэрыторыю запаведніка дзеляць паміж сабой каля 20 асобін рысі (у кожнай свой участак для палявання). Чырвонакніжныя драпежнікі - адзіночкі па ладзе жыцця.

Пастаянна папаўняецца і колькасць зуброў. "У канцы 2022 года да нас прывезлі 15 асобін з Асіповіцкага лясгаса: трох самцоў і 12 самак. Летась нарадзіліся два зубрэнкі. Цяпер яны знаходзяцца на палях з азімымі кармамі, а летам пяройдуць у запаведныя лясы", - адзначыла Анастасія Рыжкова.

Усяго ў Бярэзінскім біясферным запаведніку ў дзікіх умовах жыве 58 відаў звяроў, 245 відаў птушак, 11 - амфібій, 6 - рэптылій, 34 віды рыб і амаль 6 тыс. відаў беспазваночных.-0-