3 чэрвеня, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. У бюджэце Беларусі дастаткова сродкаў для аказання адраснай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам. Пра гэта заявіла сёння журналістам у Палаце прадстаўнікоў міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога для малазабяспечаных грамадзян аказваецца з рэспубліканскага бюджэту. Сродкі, неабходныя для аказання дапамогі гэтым людзям, колькі б іх ні звярнулася, калі яны падыходзяць пад крытэрыі, пазначаныя ва ўказе, будуць знойдзены, яны маюцца", - канстатавала міністр.
Разам з тым яна звярнула ўвагу на тое, што органы ўлады на месцах павінны прыняць меры для аказання дапамогі найбольш уразлівым катэгорыям грамадзян, у тым ліку адзінокім, інвалідам, шматдзетным сем'ям. На яе думку, варыянты гэтай дапамогі могуць быць рознымі, у тым ліку за кошт замацавання такіх малазабяспечаных грамадзян за прадпрыемствамі і арганізацыямі. Ва ўмовах існуючай эканамічнай сітуацыі ўзрастае сацыяльная адказнасць прыватнага бізнесу. Па словах міністра, апошнім часам індывідуальныя прадпрымальнікі, прадстаўнікі прыватнага бізнесу ўсведамляюць сваю сацыяльную адказнасць і часта бяруць шэфства над канкрэтнымі сем'ямі, гэта становіцца распаўсюджанай практыкай.
"Мы павінны разглядаць усе прэвентыўныя меры для рознага развіцця сітуацыі (у эканоміцы. - Заўвага. БЕЛТА), таму што аптымізацыя колькасці (працуючых на прадпрыемствах. - Заўвага. БЕЛТА) у сувязі з мадэрнізацыяй эканомікі будзе", - сказала Мар'яна Шчоткіна. Яна падкрэсліла, што Мінпрацы і сацабароны ўжо працуе на перспектыву, у прыватнасці прадугледжаны дзяржаўныя сродкі для перападрыхтоўкі супрацоўнікаў прадпрыемстваў. Гэта значыць, дзяржава кампенсуе наймальніку сродкі, затрачаныя на перападрыхтоўку работнікаў. Больш таго, пры разглядзе законапраекта аб занятасці Мінпрацы прапануе прадугледзець магчымасць апярэджальнай перападрыхтоўкі.-0-
БЕЛТА
У бюджэце Беларусі дастаткова сродкаў для аказання адраснай сацыяльнай дапамогі - М.Шчоткіна
3.6.20110 праглядаў