9 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У бліжэйшыя пяць гадоў да ўсіх абласных цэнтраў з Мінска будуць пабудаваны аўтабаны нямецкага ўзору. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Журналісты пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, як ён бачыць далейшае развіццё транспарту і дарог у Беларусі, якія напрамкі з'яўляюцца прыярытэтнымі. Указваючы на новую добраўпарадкаваную чыгуначную станцыю "Ждановічы", куды нядаўна працягнулі лінію сучаснай гарадской электрычкі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Так будзе добраўпарадкавана ўся краіна, як бы камусьці гэтага ні хацелася". Прэзідэнт падкрэсліў, што, нягледзячы на ўзмацненне з усіх бакоў ціску на Беларусь, бардака і развалу дапушчана не будзе. Паводле яго слоў, прыкладна праз 5 гадоў да кожнага абласнога цэнтра з Мінска будуць пабудаваны аўтабаны нямецкага ўзроўню. Частка гэтых работ ужо завершана, альбо яны працягваюцца ў цяперашні час. Так, ужо некалькі гадоў як завершана будаўніцтва трасы з Мінска ў Брэст, вядуцца работы на магілёўскім напрамку, а таксама будаўніцтва другога транспартнага кальца вакол Мінска. "Дарожнаму будаўніцтву мы ўдзялялі і будзем удзяляць вялікую ўвагу", - падкрэсліў Прэзідэнт. Што тычыцца гарадскіх электрычак, то, па словах Аляксандра Лукашэнкі, яны ў перспектыве павінны стаць своеасаблівым працягам ліній метрапалітэна, выходзячы з-пад зямлі на ўскраінах горада. Такі падыход дазволіць не толькі выкарыстоўваць разгалінаваную чыгуначную сетку пад гарадскі транспарт, але і зэканоміць значныя фінансавыя сродкі, бо на будаўніцтва аднаго кіламетра метро сыходзіць каля $30 млн. Больш таго, у цяперашні час са швейцарскай кампаніяй, якая паставіла ў Беларусь тры першыя гарадскія электрычкі, дасягнута дамоўленасць аб наладжванні іх вытворчасці ў Беларусі. "Нам іх трэба каля 100 ужо зараз, і ёсць велізарныя перспектывы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па словах кіраўніка дзяржавы, у Беларусі актыўна будзе развівацца і авіяцыйны транспарт. Так, у бліжэйшы час у Нацыянальным аэрапорце Мінск павінна пачацца будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы, ёсць добрыя перспектывы для развіцця і аэрапортаў у абласных цэнтрах. У прыватнасці, адзначыў беларускі лідар, падчас яго нядаўняга візіту ў Катар была выказана зацікаўленасць у развіцці Брэсцкага авіяцыйнага вузла.