На чыгуначнай станцыі Багушэўская Сенненскага раёна сёння адкрыта скульптура «Эхо любові», прымеркаваная да 200-годдзя з дня нараджэння Дзмітрыя Васільевіча Багушэўскага, на землях якога і ўзнік гарпасёлак Багушэўск.

Пры будаўніцтве ў 1899 – 1902 гадах чыгункі Віцебск – Жлобін тут было вырашана пабудаваць адну са станцый, бо яна знаходзілася б на роўнай адлегласці (40 км) ад Віцебска, Оршы і Сянна. Участак зямлі бязвыплатна перадаў палкоўнік Багушэўскі з умовай, што станцыя будзе называцца ў гонар яго жонкі – Багушэўская.

Ва ўрачыстай цырымоніі прымаў удзел старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Ён падзякаваў усім датычным да стварэння помніка і адзначыў, што гісторыя любові Дзмітрыя і Марыі Багушэўскіх вартая фільма. Аляксандр Субоцін канстатаваў, што з усталяваннем скульптурнай кампазіцыі Багушэўск стаў прыгажэйшым і больш прывабным, і выказаў надзею, што монумент стане адпраўной кропкай, а гарпасёлак набудзе другое дыханне, тут з'явяцца новыя вытворчыя праекты, будуць прыязджаць людзі.

Па словах старшыні Багушэўскага сельсавета Вячаслава Багданава, гісторыю ўзаемаадносін Дзмітрыя і Марыі Багушэўскіх жыхары гарпасёлка беражліва захоўваюць з пакалення ў пакаленне. Пасля смерці жонкі Дзмітрый Васільевіч пераехаў з Санкт-Пецярбурга ў Багушэўск і застаўся ёй верны. Жыў у маёнтку Караліна, дзе стварыў школу для мясцовых дзяцей.

Ініцыятыва жыхароў гарпасёлка ўвасоблена скульптарам Ігарам Голубевым і Сяргеем Сотнікавым дзякуючы спонсарскай падтрымцы сям'і Праскуравых. Дзмітрый Багушэўскі памёр у 1903 годзе і пахаваны недалёка ад гарпасёлка – на могілках у вёсцы Рыбнае.