28 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У барацьбе з экстрэмізмам неабходна рашуча аб'ядноўваць аператыўныя магчымасці і пашыраць абмен інфармацыяй органаў унутраных спраў Беларусі і Расіі. Такую кропку гледжання выказаў міністр унутраных спраў Расійскай Федэрацыі Уладзімір Калакольцаў на адкрыцці аб'яднанай калегіі міністэрстваў унутраных спраў Саюзнай дзяржавы ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Расійскі міністр асабліва спыніўся на супрацоўніцтве ў сферы процідзеяння экстрэмізму. Працэсы радыкалізацыі асобных груп аказваюць негатыўны ўплыў на абстаноўку ў свеце, пры гэтым яны дынамічна змяняюцца, антыграмадскія структуры актыўна выкарыстоўваюць інтэрнэт-прастору, сацыяльныя сеткі. Асаблівую небяспеку ўяўляюць радыкальна настроеныя асобы, якія здзяйсняюць тэрарыстычныя акты. "Жыццё дыктуе неабходнасць рашучага аб'яднання аператыўных магчымасцей, пашырэнне абмену інфармацыяй, удасканаленне нарматыўна-прававых актаў. Процідзеянне экстрэмізму – гэта не барацьба з іншадумствам і не ганенне на веру. Стаіць задача забеспячэння правоў і свабод грамадзян незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, абарона суверэнітэту і цэласнасці дзяржаў", - падкрэсліў Уладзімір Калакольцаў. На яго думку, дзеянні органаў унутраных спраў павінны быць узгодненымі, паслядоўнымі і рашучымі.
Узаемадзеянне органаў унутраных спраў з'яўляецца важнай састаўной часткай агульнага інтэграцыйнага працэсу ў рамках Саюзнай дзяржавы, падкрэсліў міністр. Супрацоўніцтва праваахоўных органаў выбудавана на аснове цеснага дзелавога ўзаемадзеяння, а сумесная праца, якая праводзіцца, уносіць важкі ўклад ва ўмацаванне ўнутранай бяспекі дзяржаў.
«У цяперашніх рэаліях для якаснага вырашэння задач, якія стаяць перад органамі ўнутраных спраў Расіі і Беларусі, неабходна дзейнічаць на апярэджанне, ствараць эфектыўную мадэль аператыўнага рэагавання на сучасныя пагрозы і выклікі крымінальнага характару», - падкрэсліў Уладзімір Калакольцаў.
Ён адзначыў, што пытанні, вынесеныя сёння на абмеркаванне калегіі, важныя і актуальныя. Практычнае ўзаемадзеянне дазволіць своечасова і адэкватна рэагаваць на змены крымінальнай сітуацыі. -0-
БЕЛТА
У барацьбе з экстрэмізмам неабходна рашуча аб'ядноўваць аператыўныя магчымасці - У.Калакольцаў
28.6.20120 праглядаў