Аўтазаправачны комплекс РУП «Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт», адкрыты пасля маштабнай рэканструкцыі ў Чашніках, стаў першым дажыначным аб'ектам у гэтым райцэнтры. Нагадаем: Чашніччына ўдастоена гонару прымаць абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі – 2025».
Папярэдняя аўтазаправачная станцыя функцыянавала на гэтым месцы каля 25 гадоў. Нягледзячы на перыядычна праводжаныя работы па ўдасканаленні, яна паступова перастала адпавядаць сучасным патрабаванням. Генпадрадчык, ТАА “БМСУ – 4” з Мінска, у адпаведнасці з праектна-каштарыснай дакументацыяй мог бы скончыць яго толькі ў маі, але справіўся ўжо ў студзені. Пры наступленні спрыяльных умоў надвор'я тут завершаць асфальтаванне і знешняе добраўпарадкаванне.
– Гэты аб'ект здабыў новае жыццё. Размяшчаючыся на ўездзе ў райцэнтр, ён стане яго візітнай карткай, палепшыць якасць абслугоўвання аўтамабілістаў, узровень жыцця мясцовага насельніцтва, – падкрэсліла намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна, віншуючы з уводам у эксплуатацыю АЗК № 63. – Яго адкрыццё – годны старт Году добраўпарадкавання, абвешчанаму ў Беларусі. Упэўнена, што ў бліжэйшыя месяцы вас парадуюць і іншыя абноўленыя аб'екты.
Ад імя жыхароў раёна старшыня Чашніцкага райвыканкама Аляксандр Быкаў падзякаваў гаспадароў АЗК – РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт” – за ўклад у развіццё прыдарожнага сэрвісу. Ён адзначыў, што з'яўлення гэтага сучаснага, якаснага аб'екта чакалі з нецярпеннем.
Пуск заправачнай станцыі лічыцца адбыўшымся пасля стартавай запраўкі. Па існуючай традыцыі аўтамабіль аднаго з мясцовых паважаных жыхароў запраўляюць бясплатна. Першым кліентам АЗК-63 стала чашнічанка Наталля Алешкоўская, якая здзейсніла подзвіг мацярынства. Яна мама траіх біялагічных, чацвярых усыноўленых і чацвярых прыёмных дзяцей і ўжо – бабуля сямі ўнукаў. Наталля – кавалер ордэна Маці, пераможца рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года», лаўрэат абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобывай-Марчанкі.
– Я вельмі рада за свой горад, дзе з'явіўся такі прыгожы сучасны комплекс, – падзялілася ўражаннямі Наталля. – З задавальненнем стану яго пастаянным кліентам.
Дырэктар РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнефцепрадукт” Сяргей Маркевіч адзначыў, што асаблівая ўвага нададзена асартыменту тавараў. Цяпер гэта не проста запраўка, а сапраўдны гіпермаркет для аўтааматараў і падарожнікаў. Тут можна знайсці ўсё: ад якасных маторных маслаў і аўтахіміі да шын ад вядучага вытворцы. А яшчэ – сезонныя тавары: зімой – антыфрызы і саскрабальнікі для шкла, летам – ахаладжальныя вадкасці і наборы для пікніка. Дадайце да гэтага шырокі выбар напояў, снякаў і сувеніраў – і вы зразумееце, што АЗС стане сапраўдным цэнтрам прыцягнення.
– Мы хацелі стварыць месца, дзе кожны адчуе клопат і камфорт, – кажа Сяргей Маркевіч. — І тое, што мы адкрыліся раней за тэрмін, – гэта вынік нашай каманднай працы і імкнення зрабіць жыццё кліентаў зручней.
Сяргей Маркевіч анансаваў, што ў найбліжэйшай перспектыве будзе здадзена АЗС у Сянне, пачата рэканструкцыя АЗС у Расонах і будаўніцтва новага аб'екта ў аг. Гомель Полацкага раёна.
Пасля цырымоніі пераразання сімвалічнай чырвонай стужкі і запуску ў неба паветраных шароў у колерах беларускай сімволікі ўдзельнікі мерапрыемства ацанілі гандлёвую залу з кафетэрыем плошчай 65 кв. м, аформленую ў адпаведнасці з адзінай канцэпцыяй развіцця пад брэндам “Заўжды Цікава”.
– Рэканструкцыя адкрыла для нас новыя магчымасці сэрвісу і гандлю. У сувязі з гэтым створана шэсць новых працоўных месцаў, штат павялічыўся ў два разы, – паведаміла старэйшы аператар АЗС № 63 Алена Царэнак. – Да рэканструкцыі мы ажыццяўлялі гандаль толькі праз акенца аператара, цяпер тавары прадстаўлены ў гандлёвай зале, у тым ліку ў адкрытай выкладцы. Прапануем шырокі асартымент фаст-фуду: фрэнч-догі, хот-догі, бургеры, а таксама выпечку ўласнага вытворчасці, гарачыя напоі на вялікі выбар. Лічу, гэтыя новаўвядзенні павялічаць наведвальнасць, хоць і да рэканструкцыі, калі асноўным таварам было паліва, мы абслугоўвалі больш чым па 400 чалавек у суткі.
Новы заправачны мультыкомплекс будзе спрыяць развіццю прамысловага, сельскагаспадарчага, сацыяльнага, турыстычнага патэнцыялу раёна. Да таго ж АЗС абяцае быць аб'ектам высокай культуры абслугоўвання і ўзорам добраўпарадкавання.
Аплачваць паліва і тавары на АЗС можна як за наяўны, так і безнаяўны разлік па банкаўскіх картах, па паліўных картах «Беларуснафта» і картах іншых паліўных аператараў, а таксама праз мабільнае прыкладанне DRIVE&PAY.