У Чашніцкім раёне сёння ўрачыста адкрылі пасля рэканструкцыі памятную стэлу брыгадзе Уладзіміра Лабанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У святочным мерапрыемстве, прысвечаным Дню Незалежнасці і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, узялі ўдзел ветэран Вялікай Айчыннай вайны Леў Гаўрылавіч Плют, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Барыс Ефрэмаў, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, раённага камісарыята, моладзь.
Па словах Уладзіміра Церанцьева, вельмі важна і значна, што мы ўспамінаем прозвішчы воінаў, вядомыя ўсёй рэспубліцы, - Лабанка, Дуброўскага, Райца, Шмырова, а таксама военачальнікаў, якія ўзначальвалі франты, што вызвалялі краіну. "Гэта сведчыць аб стабільнай і мэтанакіраванай працы, якая праводзіцца ў Беларусі па захаванні памяці", - сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў.
Сімвалічнай ён назваў сённяшнюю падзею. "Гэта не проста месца дыслакацыі атрада №68. Па сутнасці, мы знаходзімся ў адным з ключавых месцаў вытока развіцця партызанскага руху на Віцебшчыне і ў рэспубліцы, якое з часам стала Полацка-Лепельскай партызанскай зонай", - растлумачыў Уладзімір Церанцьеў.
Асаблівыя словы падзякі ён выказаў старшыні Чашніцкай раённай структуры ДТСААФ Віктару Галаю і старшыні Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржустаноў Сяргею Дагелю, дзякуючы ініцыятыве і намаганням якіх была абноўлена памятная стэла з імёнамі партызан брыгады Лабанка. Ранейшая, з часам моцна састарэлая, была ўстаноўлена ў пасляваенныя гады яшчэ пры жыцці камбрыга і адыгрывала важную ролю ў сацыяльным жыцці мясцовых жыхароў. Каля яе савецкіх школьнікаў бліжэйшых вёсак прымалі ў піянеры, у Дзень Перамогі праводзілі ўрачыстыя мітынгі. Не страціла сваёй значнасці гэта месца і ў нашы дні: цяпер тут праходзяць сустрэчы ветэранаў, афганцаў і моладзі, тэматычныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, велапрабегі.