11 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Рыцары з пяці краін возьмуць удзел у фестывалі сярэднявечнай культуры "Рубон" у Полацку, расказаў карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па турызме еўрапейскага праекта "Бела Дзвіна 2" Ігар Загрэкаў. У лік святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 1150-годдзю Полацка, уключаны фестываль сярэднявечнай культуры. На гэты раз яго прадстаўніцтва як ніколі вялікае - акрамя беларускіх клубаў гістарычнай рэканструкцыі ў ім возьмуць удзел рыцары і віцязі з Расіі, Украіны, Чэхіі, Польшчы, Літвы, а таксама майстры народных промыслаў з Латвіі. Яны ўжо пацвердзілі свой удзел. Падчас свята пройдзе штурм сярэднявечнага замка, размешчанага ў маляўнічым гістарычным месцы на беразе ракі Заходняя Дзвіна. Адбудуцца рыцарскія турніры па правілах ранняга і развітога сярэднявечча. Не пакінуць абыякавымі ні дзяцей, ні дарослых захапляльныя відовішчы рыцарскіх бугуртаў - камандных бітваў. На фестывалі будуць працаваць сцэнічныя пляцоўкі, пройдуць майстар-класы па традыцыйных сярэднявечных рамёствах, жадаючыя змогуць паспрабаваць стравы сярэднявечнай кухні і паслухаць непаўторную музыку таго часу. Як адзначыў Ігар Загрэкаў, літоўскія клубы гістарычнай рэканструкцыі прывязуць на "Рубон" атрад лучнікаў, якія возьмуць удзел у спаборніцтвах, а таксама ў штурме замка. Латвійскі бок дэлегуе на фестываль латгальскіх рамеснікаў, якія здолелі захаваць традыцыі старажытных майстроў, а таксама творчыя калектывы. Удзел латвійскіх і літоўскіх клубаў у фестывалі ў Полацку з'яўляецца адным з мерапрыемстваў праекта ЕС міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Бела Дзвіна 2". Фестываль "Рубон" пройдзе 1-3 чэрвеня. -0-

БЕЛТА